Арктычны акіян
акіян / From Wikipedia, the free encyclopedia
Арктычны акіян (Паўночны Ледавіты Акіян) — самы малы акіян на Зямлі, абмывае Эўразію, Паўночную Амэрыку. На тэрыторыі Арктычнага акіяну знаходзіцца Паўночны полюс Зямлі. Плошча (з марамі) — 14,090 млн км². Міжнародная гідраграфічная арганізацыя (МГА) распазнае яго як акіян, аднак некаторыя акіянографы называюць яго як Арктычнае мора, клясыфікуючы яго як адно з мораў Атлянтычнага акіяна[1]. Акрамя таго, Арктычны акіян можна разглядаць як паўночную частку ўсёабдымнага Сусьветнага акіяна.
Акіян амаль цалкам акружаны Эўразіяй і Паўночнай Амэрыкай, і на працягу амаль усяго году часткова пакрыты лёдам, і амаль цалкам узімку. Тэмпэратура акіяна й ягоная салёнасьць зьмяняюцца сэзонна, бо ледзяное покрыва растае й замярзае ў розныя сэзоны[2]. Салёнасьць зьяўляецца самай нізкай у сярэднім у параўнаньні зь іншымі пяцьцю акіянамі, з-за нізкага выпарэньня, значных прытокаў прэснай вады з рэк і ручаёў, а таксама з-за абмежаванага адтоку ў навакольныя акіянічныя воды з больш высокай характарыстыкай салёнасьці. Улетку аб’ём лёду скарачаецца прыкладна на 50%[3]. Амэрыканскі цэнтар дадзеных па сьнегу й лёду (NSIDC) выкарыстоўвае спадарожнікавыя дадзеныя, каб забясьпечыць штодзённыя запісы арктычнага марскога ледзянога покрыва й хуткасьць ягонага раставаньня ў параўнаньні зь сярэднім пэрыядам і за мінулыя гады.
Да Арктычнага акіяну прымыкаюць тэрыторыі Даніі (Грэнляндыі), Ісьляндыі, Канады, Нарвэгіі, Расеі і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Прававы статус акіяну на міжнародным узроўні не рэгламэнтаваны, аднак фрагмэнтарна ён вызначаецца нацыянальным заканадаўствам арктычных краінаў і міжнародна-прававымі дамовамі.