Магні́тнае поле — складовая электрамагнітнага поля, якая зьяўляецца пры наяўнасьці зьменлівага ў часе электрычнага поля. Акрамя таго, магнітнае поле можа стварацца токам зараджаных часьцінкаў, альбо магнітнымі момантамі электронаў у атамах (сталыя магніты). З пункту гледжаньня квантавай тэорыі поля электрамагнітнае ўзаемадзеяньне пераносіцца бязмасавым базон-фатонам (часьцінкай, якую можна ўявіць як квантавае ўзбуджэньне электрамагнітнага поля). Асноўнай характарыстыкай магнітнага поля зьяўляецца ягоная сіла, якая вызначаецца вэктарам магнітнай індукцыі (вэктар індукцыі магнітнага поля). У СІ магнітная індукцыя вымяраецца ў тэслах (Тл), у сыстэме СГС у гаўсах. Эфэкты магнітных палёў звычайна выяўляюцца ў сталых магнітах, якія цягнуць да сябе магнітныя матэрыялы, як то жалеза, і прыцягваюць альбо адштурхоўваюць іншыя магніты.
Quick Facts Электрастатыка, Магнітастатыка ...
Close
У спэцыяльнай тэорыі рэлятыўнасьці, электрычныя і магнітныя палі зьяўляюцца двума ўзаемазьвязанымі аспэктамі аднаго аб’екту, званага электрамагнітным тэнзарам. Разбурэньне гэтага тэнзару ў электрычных і магнітных палёх залежыць ад адноснай хуткасьці назіральніка і зараду. Магнітныя і электрычныя палі ўзаемазьвязаны і зьяўляюцца кампанэнтамі электрамагнітнай сілы, адной з чатырох асноўных сілаў у прыродзе.
У паўсядзёньным жыцьці, магнітныя палі часьцей за ўсё сустракаюцца як нябачная сіла, створаная сталымі магнітамі, якія ўзаемадзейнічаюць з фэрамагнітнымі матэрыяламі, як то жалеза, кобальт або нікель. Магнітныя палі вельмі шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх сучасных тэхналёгіях, у прыватнасьці, у галіне электратэхнікі і электрамэханікі. Крутоўныя магнітныя палі выкарыстоўваюцца як у электрарухавіках, гэтак і ў генэратарах. Узаемадзеяньне магнітных палёў у электрычных прыладах, такіх як трансфарматары, маецца ў магнітных ланцугах. Магнітныя сілы даюць інфармацыю пра носьбіты зараду ў матэрыяле дзякуючы эфэкту Гола. Зямля вырабляе ўласнае магнітнае поле, якое ахоўвае азонавы пляст Зямлі ад сонечнага ветру і мае важнае значэньне ў навігацыі па компасу.