Сойм падкарпацкіх русінаў
русінская сэпаратысцкая грамадзкая арганізацыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Асацыяцыя русінскіх арганізацыяў Закарпацьця «Сойм падкарпацкіх русінаў» (па-ўкраінску: Асоціація русинських організацій Закарпаття «Сойм підкарпатських русинів») — русінская сэпаратысцкая[1] грамадзкая арґанізацыя, што дзейнічае ў Закарпацкай вобласьці. Патрабуе прызнаньня русінаў асобным народам ды прадастаўленьня Закарпацьцю аўтаноміі ў правах 1938 року[2]. Вядомая сэпаратысцкімі дэклярацыямі[3], за што яе лідэраў асудзілі на некалькі рокаў пазбаўленьня волі ўмоўна за замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны[4]. Паводле інфармацыі некаторых СМІ, фінансуецца расейскімі ўрадавымі арґанізацыямі[5] для дэстабілізацыі сытуацыі ў Закарпацьці[3]. Старшыня — Дзьмітры Сыдар.
Паводле Дзьмітра Сыдара, Сойм абараняе інтарэсы русінаў — карэнных жыхароў Закарпацьця, аднак ягоныя апанэнты, улада Закарпацкае вобласьці ды ўкраінскія арґанізацыі адмаўляюць гэта, сьцьвярджаючы, што дзейнасьць Сойму мала адпавядае інтарэсам жыхароў Закарпацьця[6][7] й інсьпіруюцца замежнымі дзяржавамі[3][8].