Старое Места (Вільня)
гістарычная мясцовасьць у Вільні / From Wikipedia, the free encyclopedia
Старо́е Ме́ста, або Стары́ Го́рад (лет. Senamiestis) — гістарычная мясцовасьць у цэнтры Вільні, найстарэйшая частка места. Знаходзіцца на левым беразе ракі Вяльлі, каля падэшвы Замкавай гары. Адзін з найбольшых урбаністычных комплексаў Усходняй Эўропы, вядомых з часоў Сярэднявечча. Займае плошчу 3,59 км². Ахоплівае 74 кварталы з 70 вуліцамі і завулкамі, 1487 будынкамі з агульнай плошчай памяшканьняў 1 497 000 м². Аб’ект Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Гістарычны цэнтар Вільні | |
---|---|
Vilnius Historic Center* | |
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО | |
Старое Места | |
Краіна | Летува |
Тып | культурны |
Крытэры | ii, iv |
Спасылка | 541 |
Рэгіён** | Эўропа і Паўночная Амэрыка |
Гісторыя ўключэньня | |
Уключэньне | 1994 (18-я сэсія) |
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску ** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО |
Архітэктурныя дамінанты Старога Места — Вострая брама, Верхні і Ніжні замкі, меская ратуша, карпусы ўнівэрсытэту, цэрквы Прачысьценская (саборная), Мікольская, Духаўская, Пятніцкая і Траецкая (базылянаў), касьцёлы Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Катэдра), Сьвятога Казімера (езуітаў), Святых Янаў, Сьвятой Ганны, Сьвятога Міхала, Сьвятых Францішка і Бэрнарда (бэрнардынаў), Сьвятога Крыжа (баніфратаў), Сьвятога Мікалая і Сьвятой Тэрэзы, палацы Абрамовічаў, Біскупскі (цяпер Прэзыдэнцкі), дэ Рэўсаў, Завішаў, Лапацінскіх, Пацаў, Радзівілаў, Тызэнгаўзаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў і Ўмястоўскіх, помнікі архітэктуры готыкі, рэнэсансу, барока і клясыцызму XV—XVIII стагодзьдзяў.
На захад ад Старога Места пачынаюцца Рудніцкае прадмесьце, Новае Места, Пагулянка і Лукішкі, на поўнач — Рыбакі за ракой Вяльлёй і Антокаль за ракой Вільняй, на ўсход — Зарэчча за ракой Вільняй і Паплавы, на поўдзень — Субач, Росы і Востры Канец. У склад Старога Места ўваходзіць Рускі Горад, гістарычная юрыдыка праваслаўных (уніяцкіх) мітрапалітаў (Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія)[1].