Агрэгатны стан
From Wikipedia, the free encyclopedia
Агрэга́тны ста́н — стан рэчыва, які характарызуецца вызначанымі якаснымі ўласьцівасьцямі, як то здольнасьцю ці няздольнасьцю захоўваць аб’ём і форму, наяўнасьцю ці адсутнасьцю дальняга й бліжняга парадку й іншымі. Зьмяненьне агрэгатнага стану суправаджаецца скачкападобным зьмяненьнем свабоднай энэргіі, энтрапіі, шчыльнасьці й іншых асноўных фізычных уласьцівасьцяў. Агрэгатны стан ёсьць вынікам фазавага пераходу. У сучаснай фізыцы вылучаюць наступныя агрэгатныя станы: цьвёрдае цела, вадкасьць, газ і плязма; раней ім адпавядалі 4 стыхіі альбо першаэлемэнты, як то Зямля, Вада, Паветра й Агонь.
Цьвёрды й вадкі станы рэчыва адносяцца да кандэнсаваных станаў — атамы альбо малекулы рэчыва ў іх знаходзяцца настолькі шчыльна адзіна да аднаго, што яны няздольныя рухацца свабодна. Рэчыва ў газападобным стане мае як зьменны аб’ём, гэтак і форму, прыстасоўваючыся як да сваёй ёмістасьці. Ягоныя часьцінкі не знаходзяцца ані блізка адзін да аднаго, ані замацаваныя на месцы. Рэчыва ў плязмавым стане мае зьменны аб’ём і форму й утрымлівае нэўтральныя атамы, а таксама значную колькасьць іёнаў і электронаў, якія могуць свабодна перасоўвацца.
Зьмяненьні агрэгатнага стану ёсьць тэрмадынамічныя працэсы, якія зьяўляюцца фазавымі пераходамі. Выдзяляюць наступныя іхныя разнавіднасьці: зь цьвёрдага ў вадкі — плаўленьне; з вадкага ў газападобны — выпарэньне й кіпеньне; зь цьвёрдага ў газападобны — сублімацыя; з газападобнага ў вадкі ці цьвёрды — кандэнсацыя. Адметнай асаблівасьцю зьяўляецца адсутнасьць рэзкай граніцы пераходу да плязмавага стану.
Панятак агрэгатнага стану дастаткова ўмоўны, бо існуюць аморфныя целы, якія захоўваюць структуру вадкасьці й валодаюць невялікай цякучасьцю; высокаэлястычныя станы некаторых палімэраў, якія ўяўляюць нешта сярэдняе паміж шклоабразным і вадкім станам, вадкія крышталы й іншыя. Таксама існуюць плыўныя пераходы паміж некаторымі агрэгатнымі станамі. Зь іншага боку, варта адзначыць наяўнасьць некалькіх розных станаў цьвёрдых целаў, накшталт графіта, алмаза і вугля, якія адносяцца да аднаго агрэгатнага стану (алятрапія). Для апісаньня розных агрэгатных станаў у фізыцы часьцей выкарыстоўваецца больш шырокі панятак фазы.