Аперацыя «Прыпяцкія балоты»
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Прыпяцкія балоты», «Прыпяцкі марш» (ням.: "Pripiatsee") — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх войскаў 19 ліпеня — 31 жніўня 1941 года па масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва[2] на тэрыторыі 9 раёнаў[3] БССР і 3 раёнаў УССР у раёне прыпяцкіх балот і ракі Прыпяць.
Аперацыя «Прыпяцкія балоты» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 19 ліпеня — 31 жніўня 1941 | ||
Месца | Брэсцкая, Пінская, Палеская і Мінская вобласці Беларускай ССР | ||
Прычына | Прысутнасць разрозненных частак Чырвонай Арміі і узброеных савецкіх партызанскіх падраздзяленняў у тыле групы армій «Цэнтр» | ||
Статус | аперацыя завершана | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аперацыя праводзілася ў два этапы; датай яе пачатку лічыцца 19 ліпеня 1941 года, датай пачатку другога этапу — 14 жніўня 1941 года, датай сканчэння — 29 жніўня 1941 года[4] (або 31.8.1941[5]). Аперацыя праводзілася па прамым загадзе Гімлера, сіламі кавалерыйскай брыгады СС, а таксама[5] 162 і 252 пяхотных дывізій пад агульным камандаваннем галоўнага начальніка СС і паліцыі (HSS PF) пры камандуючым групы армій «Цэнтр» фон дэм Баха.
За час аперацыі былі знішчаныя не менш за 13 788 чал.; гэты лік называецца ў справаздачы кавалерыйскай брыгады СС «Аб правядзенні пацыфікацыйнай прыпяцкай аперацыі…» ад 13.8.1941. Былі цалкам спаленыя вёскі Дварэц, Хочань, Азяраны, Старажоўцы, Крамно, Тураў (часткова) і іншыя. Асноўным сродкам масавага знішчэння былі расстрэлы папярэдне сабраных разам людзей, але выпрабоўваліся і іншыя спосабы, напрыклад, загнанне і патапленне людзей у балотах. Даных пра страты войскаў СС у іх выніковай справаздачы няма, згадваюцца толькі «189 палонных»[4].
Аперацыя лічыцца першай з запланаваных масавых знішчальных аперацый і першай з аперацый, дзе выпрацоўваліся метады масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва[4]. Дакументальныя звесткі пра яе трапілі ў Маскву ў студзені 1942, пасля разгрому пад Таропцам кавалерыйскай брыгады СС і захопу штабавай дакументацыі, і былі агучаныя 27.4.1942 у ноце народнага камісара замежных спраў СССР да ўсіх краін, з кім СССР меў дыпламатычныя зносіны. Мяркуецца, што міжнародная галоснасць і шок, які выклікалі гэтыя звесткі, прымусілі нацыстаў схаваць або знішчыць іншыя матэрыялы, якія датычылі гэтай аперацыі[4].