Галандская Ост-Індыя (нідэрл.: Nederlands-Indië) — галандскія каланіяльныя ўладанні на астравах Малайскага архіпелага і ў заходняй частцы вострава Новая Гвінея. Утварылася ў 1800 годзе ў выніку нацыяналізацыі Галандскай Ост-Індскай кампаніі. Існавала да японскай акупацыі ў сакавіку 1942 года. У гутарковай мове і неафіцыйных дакументах часам называецца таксама Нідэрландская (ці Галандская) Індыя. Не варта блытаць яе з Галандскай Індыяй — галандскімі каланіяльнымі ўладаннямі на паўвостраве Індастан. Як і іншыя каланіяльныя ўтварэнні, Галандская Ост-Індыя стваралася ў вострай канкурэнтнай барацьбе як з мясцовымі дзяржаўнымі фарміраваннямі, так і з іншымі каланіяльнымі дзяржавамі (Вялікабрытаніяй, Партугаліяй, Францыяй, Іспаніяй). Доўгі час мела пераважна таласакратычны характар, уяўляючы сабой шэраг прыбярэжных факторый і фарпостаў, акружаных уладаннямі мясцовых малайскіх султанатаў. Заваяванні канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, а таксама выкарыстанне механізмаў магутнай эканамічнай эксплуатацыі, дазволілі галандцам аб'яднаць большую частку архіпелага пад уладай сваёй кароны. Галандская Ост-Індыя з яе багатымі запасам нафты і іншых карысных выкапняў лічылася «жамчужынай у кароне галандскай каланіяльнай імперыі»[1].
Хуткія факты Галандская Ост-Індыя, Сталіца ...
Закрыць