Гульня тронаў (раман)
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Гульня́ тро́наў» (англ.: A Game of Thrones) — раман у жанры фэнтэзі аўтарства амерыканскага пісьменніка Джорджа Р. Р. Марціна, першая кніга серыі «Песня Лёду і Агню». Упершыню твор быў апублікаваны ў 1996 годзе выдавецтвам Bantam Spectra. Дзеянне рамана адбываецца ў выдуманым сусвеце. У цэнтры твора тры асноўныя сюжэтныя лініі — падзеі, якія папярэднічалі пачатку дынастычных войнаў за ўладу над кантынентам Вестэрас, які нагадвае Еўропу часоў Высокага Сярэднявечча; пагроза наступу плямёнаў адзічэлых і дэманічнай расы Іншых, што насоўваецца з поўначы; а таксама падарожжа дачкі зрынутага караля ў спробах вярнуць Жалезны трон. Апавяданне вядзецца ад трэцяй асобы, напераменку з пункту гледжання розных персанажаў.
Гульня тронаў | |
---|---|
англ.: A Game of Thrones | |
| |
Аўтар | Джордж Р. Р. Марцін |
Жанр | фэнтэзі |
Мова арыгінала | англійская |
Арыгінал выдадзены | 1996[1] |
Выдавецтва |
Bantam Spectra Voyager Books |
Выпуск | 6 жніўня 1996 |
Старонак | ~ 835[2] ці 864[3] |
Носьбіт | кніга |
Цыкл | Песня Лёду і Агню |
Папярэдняя | Аповесць пра Дунка і Эга |
Наступная | «Бітва каралёў» |
Праца над раманам была пачата аўтарам у 1991 годзе. На той момант цыкл задумваўся як трылогія. Джордж Р. Р. Марцін, які імкнецца да напісання тэкстаў вялікага аб'ёму, вырашыў стварыць маштабнае эпічнае фэнтэзі ў духу «Уладара пярсцёнкаў», абапіраючыся на гістарычныя кнігі і перавёўшы акцэнты ад магіі да рэалізму. Асаблівае месца ў «Гульні тронаў» было адведзена геральдыцы, рыцарству, апісанню банкетаў і адзення. Кніга была натхнёная рэальнымі гістарычнымі падзеямі, а героі цыкла мелі прататыпаў з асяроддзя еўрапейскай знаці. Адзін з асноўных пасылаў кнігі — ідэя таго, што смерць ёсць непазбежная ісціна ўсяго жыцця.
Раман атрымаў усеагульнае прызнанне з боку крытыкаў. Ён быў ганараваны прэміі «Локус» за лепшы раман у жанры фэнтэзі, а таксама быў намінаваны на Неб'юла і Сусветную прэмію фэнтэзі. Акрамя таго, аповесць «Кроў Дракона», якая ўвайшла ў склад рамана, у 1997 годзе атрымала прэмію «Х’юга». Праз пятнаццаць гадоў пасля публікацыі раман дасягнуў першага месца ў спісе бэстсэлераў газеты The New York Times. Аглядальнікі станоўча ўспрынялі смелае парушэнне класічных канонаў жанру і разбурэнне літаратурных стэрэатыпаў, прапрацоўку персанажаў і інтрыгуючы сюжэт. Усяго было прададзена звыш мільёна асобнікаў кнігі. Раман быў экранізаваны ў рамках першага сезона тэлесерыяла «Гульня тронаў».