Суднавы рухавік
From Wikipedia, the free encyclopedia
Су́днавы рухаві́к[1] — рухавік, які забяспечвае пераўтварэнне на судне якога-небудзь віду энергіі ў механічную работу. Уваходзіць у склад судавай энергетычнай устаноўкі.
Падзяляюцца на галоўныя (забяспечваюць рух судна) і дапаможныя (для прыводу электрычных генератараў, помпаў, вентылятараў, кампрэсараў і іншага абсталявання) суднавыя рухавікі. Па прызначэнню галоўныя рухавікі падзяляюцца на шматрэжымныя, маршавыя і фарсажныя[2][3]. У цяперашні час частка магутнасці галоўнага рухавіка часам расходуецца на забеспячэнне энергіяй дапаможных суднавых спажыўцоў[2][3].
Першым суднавым рухавіком была паравая машына. На сучасных судах у якасці рухавіка ўжываюць рухавікі ўнутранага згарання (двухтактныя і чатырохтактныя), паравыя турбіны і газатурбінныя ўстаноўкі, ядзерныя сілавыя ўстаноўкі. Па частаце вярчэння суднавыя рухавікі ўнутранага згарання падзяляюцца на: малаабаротныя з частатой вярчэння 100—150 абаротаў за мінуту, якія перадаюць энергію суднаваму рухачу непасрэдна, і сярэднеабаротныя з частатой вярчэння 300—600 абаротаў за мінуту, якія прыводзяць у рух суднавы рухач праз рэдуктар[2].
Агульнымі патрабаваннямі да галоўнага рухавіка з’яўляюцца:
- дастатковая магутнасць рухавіка, якая забяспечвае неабходную хуткасць судна;
- маса і габарыты рухавика, якія дазваляюць размясціць яго ў корпусе судна;
- забеспячэнне павольнай змены частоты вярчэння;
- надзейнасць працы ў розных умовах плавання (пры гайданцы, ударах хваль і г. д.);
- магчымасць змены напрамку вярчэння (пры адсутнасці рэверсіўных перадач або рэгуляваных рухачоў)[2][3].