Сцяг Румыніі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сцяг Румыніі ўяўляе сабой чырвона-жоўта-сіні трыкалор — 3 вертыкальныя паласы роўнай шырыні. Адносіны 7:10. Быў прыняты ў 1848 годзе падчас рэвалюцыі ў Валахіі. Сцяг нагадвае сабой некаторыя іншыя сцягі Еўропы.
Малюнак сцяга ствараўся пад відавочным уплывам французскага сцяга ў 1840-я гады, аднак, колеры сцяга маюць, мабыць, больш старажытнае паходжанне. Упершыню яны сустракаюцца ў часы кіравання гаспадара Валахіі Міхая Адважнага (1593—1601). Ёсць таксама версія, што гэтыя колеры выкарыстоўваліся яшчэ ў часы гаспадара Малдавіі Стэфана Вялікага (1457—1504). Чырвона-жоўта-сіні штандар стаў знакам рэвалюцыі 1821 года, узначаленай Тудорам Уладзімірэску.
З 1866 па 1948 год сцяг Румыніі ўяўляў сабою гладкі трыкалор. Пасля 1948 г. на румынскім трыкалоры быў намаляваны герб СРР. У 1989 годзе ў сувязі са зменай дзяржаўнага ладу герб са сцяга быў зняты.