План Барбароса
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Барбароса» (Дырэктыва № 21. План «Барбароса», ням.: Weisung Nr. 21. Fall Barbarossa) — кодавая назва плана вайны Германіі супраць СССР, прынятага ў снежні 1940.[1] Распрацоўка плана «Барбароса» пачалася 21 ліпеня 1940 года. План, канчаткова распрацаваны пад кіраўніцтвам генерала Ф. Паўлюса, быў зацверджаны 18 снежня 1940 дырэктывай Вярхоўнага галоўнакамандуючага вермахта. Прадугледжваўся вокамгненны разгром асноўных сіл Чырвонай Арміі на захад ад рэк Дняпро і Заходняя Дзвіна, у далейшым вызначалася захапіць Маскву, Ленінград і Данбас з наступным выхадам на лінію Архангельск — Горкі — Астрахань.
Меркаваная працягласць асноўных баявых дзеянняў — 2-3 месяцы — так званая стратэгія «бліцкрыгу» (ням.: Blitzkrieg). План ваенных дзеянняў прадугледжваў і ажыццяўленне буйных эканамічных мерапрыемстваў (план «Ольдэнбург») па эксплуатацыі захопленай савецкай тэрыторыі. Быў створаны эканамічны штаб, цалкам асобны ад генеральнага штаба ўзброеных сіл.