Машынабудаванне і металаапрацоўка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Машынабудава́нне і металаапрацо́ўка — комплекс галін цяжкай прамысловасці па вытворчасці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання.
У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, дарожна-будаўнічае і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад, электратэхнічная, сродкаў вылічальнай тэхнікі, падшыпнікавая, авіяцыйная, суднабудаўнічая, металічных канструкцый, металічных вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш.
Машынабудаванне як галіна прамысловасці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытворчасці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапрацоўчых станкоў. Як галіна вытворчасці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Заходняй Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету машынабудаванне і металаапрацоўка найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысловых робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39.5 млн шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4 %, ЗША — 16,8 %, Германія — 12,4 %, Францыя — 8,2 %, Вялікабрытанія — 4,4 %) і 16.5 млн шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7 %, Японія — 16,9 %, Бразілія — 9,6 %,КНР — 5,0 %, Рэспубліка Карэя — 3,7 %).