Стараверства
From Wikipedia, the free encyclopedia
Стараве́рства, або Ста́раабра́дства — цячэнне ў рускім праваслаўі, прадстаўнікі якога не прымаюць царкоўнай рэформы патрыярха Нікана і цара Аляксея Міхайлавіча.
Стараверства падзяляецца на дзве плыні: папоўцы (якія лічаць неабходным наяўнасць духавенства і адпраўлення імі царкоўных таінстваў) і беспапоўцы (якія лічаць, што са смерцю апошняга не прыняўшага рэформу свяшчэнніка няма магчымасці ставіць новых і неабходна абыходзіцца без іх). Кожная плыня падзяляецца на рад юрысдыкцый. Буйнейшымі арганізацыямі папоўцаў з'яўляюцца Руская праваслаўная стараверская царква і Дрэўлеправаслаўная царква.
З моманту ўзнікнення стараверы стала праследаваліся свецкімі і царкоўнымі ўладамі з рознай ступенню інтэнсіўнасці. У 1905 годзе маніфестам імператара Мікалая II стараверы былі легалізаваны. У 1971 годзе Руская праваслаўная царква зняла з іх пракляцце.
Дагматычных разыходжанняў з іншымі плынямі праваслаўя ў старавераў няма. Адрозненні ёсць у асноўным толькі ў літургічнай практыцы:
- хрышчэнне двума пальцамі, а не трыма;
- адрозненне ў напісанні некалькіх сакральных імён у тым ліку: Исус, а не Иисус;
- слова алілуя вымаўляецца два разы, а не тры;
- хросны ход па гадзіннікавай стрэлцы, а не супраць яе;
- (у Беларусі) на службе гаворыцца «о богохранимой стране нашей Российской, властех и воинстве ея», а не «о богохранимой стране нашей, властях, воинстве и народе ея», як у РПЦ;
- спяванне монагалоснае, а не палітоннае; таксама старыя знакі для запісу нот (крукі);
- магчымасць карыстання літымі іконамі;
- захаванне саюза-супрацьстаўлення а ў Сімвале веры («рожденна, а не сотворенна»);
- прызнанне выключна васьміканечнага крыжа.
Стараверскія грамады акрамя Расіі знаходзяцца ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, ва Украіне, у Румыніі, Малдове, Польшы, ЗША, Канадзе, шэрагу краін Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі.