Эпістэмалогія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эпістэмалогія (ад грэч. ἐπιστήμη [эпіст'еме] веды + логія), Гнасеалогія (ад грэч. γνῶσις веды + логія) — вучэнне аб пазнанні; філасофскі тэрмін, які ўжываецца для абазначэння тэорыі навуковага пазнання. Вывучае суадносіны суб'екта і аб'екта ў працэсе пазнавальнай дзейнасці, магчымасці і межы пазнання свету чалавекам, шляхі і сродкі дасягаення ісціны.
У навуковы ўжытак увёў шатландскі філосаф Дж.Фер’е («Асновы метафізікі», 1854 г.), які падзяляў філасофію на анталогію і эпістэмалогію. У дачыненні да гісторыі — тэорыя гістарычнага пазнання.
Гнасеалогія даследуе: месца і ролю ведаў у адносінах чалавека да сусвету, у развіцці індывідуальнасці чалавека (асобы) і ў эвалюцыі грамадства, яго трансфармацыі; асаблівасці пазнання як спецыялізаванай дзейнасці і шляхі яго ўваходжання ў іншыя віды дзейнасці; суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, перадумовы і крытэрыі сапраўднасці ведаў, суадносіны паміж ісціннасцю і памылковасцю апошніх.
Гісторыя вучэння фактычна пачынаецца з пытання аб тым, што такое веды, чым яны забяспечваюцца (пачуццямі ці розумам). Платон сцвярджаў, што сапраўдныя веды маюць агульнаабавязковы характар, г. зн. не залежаць ад індывідуальных асаблівасцей суб'екта. Арыстоцель абгрунтоўваў тэзіс пра адзінства ведаў і прадмета пазнання, пра лагічную структуру пазнавальнага працэсу. У XVII—XVIII ст. Ф. Бэкан, Р. Дэкарт, Г. Лейбніц, Д. Дзідро і інш. раскрылі вялікую ролю навуковых метадаў, своеасаблівасць спалучэння пачуццёвых і рацыянальных момантаў у пазнавальным працэсе, суадносіны з рэчаіснасцю. Прадстаўнікі нямецкай класічнай філасофіі ХІХ ст. (І. Кант, Г. Гегель і інш.) абгрунтавалі неабходнасць пераадолення разрыву паміж гаасеалагічнай і анталагічнай праблематыкай, дыялектычнае адзінства эмпірычнага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, наяўнасць узаемапераходаў гэтых катэгорый, узаемасувязь тэарэтычнага і практычнага розуму. Марксісцкая гнасеалогія асабліва падкрэслівала дзейсную прыроду пазнання, ролю практыкі як асновы і крытэрыю сапраўднасці ведаў, значэнне пазнання ў перабудове навакольнага асяроддзя, перш за ўсё сацыяльнай рэчаіснасці. Філасофская фенаменалогія (Э. Гусерль і інш.) лічыць, што найбольш фундаментальнай характарыстыкай пазнавальнага працэсу з'яўляецца інтэнцыяльнасць — скіраванасць свядомасці на прадмет пазнання. У сярэдзіне і канцы ХХ ст. прадстаўнікі аналітычнай філасофіі (Б. Расел, Дж. Мур, Р. Карнап і інш.) прааналізавалі месца і ролю знакава-сімвалічных сродкаў навуковага мыслення, спосабы верыфікацыі навуковых ведаў. Усё большае значэнне аддаецца распрацоўцы агульнаметадалагічных праблем развіцця навукі, яе сацыяльнай прыроды.