Белая Русь
гістарычная вобласьць Русі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Бе́лая Русь — пачаткова штучная геаграфічная назва, ужываная пераважна ў заходнеэўрапейскім навуковым асяродзьдзі ў дачыненьні да розных рэгіёнаў Усходняй Эўропы. З канца 1620-х гадоў праз пасярэдніцтва польскіх аўтараў[1] пачала ўжывацца ў Вялікім Княстве Літоўскім датычна земляў у басэйне рэк Дзьвіны і Дняпра. З 1655 году была ў тытуле гаспадароў Маскоўскай дзяржавы і кіраўнікоў Маскоўскай царквы. Ніколі не выкарыстоўвалася ў афіцыйнай назьве Вялікага Княства Літоўскага і тытуле вялікіх князёў літоўскіх. Па некананічным[2] захопе Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату Маскоўскім патрыярхатам (пазьней «Найсьвяцейшым ўрадавым сынодам» Расейскай імпэрыі) праваслаўную Магілёўскую япархію пачалі часта называць «Беларускай». Упершыню трапіла ў афіцыйную назву сьвецкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, калі па першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ўтварылі Беларускае генэрал-губэрнатарства (існавала да 1796 году). Да пачатку 1870-х гадоў датычылася толькі Віцебскай і Магілёўскай губэрняў Расейскай імпэрыі. У 1870-я гады перайшла на Менскую губэрню, а з 1890-х гадоў стала агульнапрынятай назвай усіх тэрыторыяў, якія тагачасная этнаграфія адносіла да беларускіх. У канцы XIX ст. па прыняцьці ідэолягамі беларускага нацыянальнага руху стала нацыянальнай саманазвай.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Белая Русь (неадназначнасьць).