Лятальны апарат
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лятальны апарат (ЛА) — прылада для кіраванага палёту ў атмасфэры або касьмічнай прасторы. ЛА падзяляюць на атмасфэрныя і касьмічныя. Атмасфэрныя ЛА ў сваю чаргу падзяляюць на 2 клясы: апараты цяжэйшыя за паветра і апараты лягчэйшыя за паветра.
Пад’ёмная сіла ЛА цяжэйшых за паветра мае пераважна аэрадынамічнае паходжаньне, то бок яна ўзьнікае праз хуткі рух у паветры самога апарата або яго частак. У некаторых апаратах выкарыстоўваецца таксама газадынамічны прынцып утварэньня пад’ёмнае сілы.
Найбольш пашыраным ЛА цяжэйшым за паветра ёсьць самалёт. Яго пад’ёмная сіла ўтвараецца ў асноўным крылом. Значна меншую ролю выконвае пад’ёмная сіла фюзэляжу і апярэньня.
Пад’ёмная сіла крыла зьмяняецца амаль прапарцыйна квадрату хуткасьці палёту. Пры малых хуткасьцях пад’ёмнай сілы крылаў недастаткова для адрыву самалёта ад паверхні зямлі. Для кожнага самалёта існуе мінімальная хуткасьць, пры якой пад’ёмная сіла крылаў роўная ваге самалёта. Таму пры ўзьлёце неабходны разьбег для дасягненьня гэтае хуткасьці, а пры прызямленьні — прабег, каб зьвесьці яе да нуля. Адсюль вынікае неабходнасьць будовы аэрадромаў з узьлётна-пасадачнымі палосамі. Зьмяншэньне мінімальнае хуткасьці і, адпаведна, скарачэньне даўжыні разьбегу і прабегу самалёта дасягаюцца павелічэньнем пад’ёмнай сілы крылаў празь іх мэханізацыю, зьдзіманьне памежнага слою з крыла, абдзіманьне крыла струменямі ад вінтоў ды іншымі спосабамі.
Пад’ёмная сіла можа ўтварацца і на нерухомым лятальным апараце. Для гэтага яго крылы мусяць рухацца адносна корпуса ЛА. Існуюць праекты ЛА з крыламі, якія рухаюцца, — арнітаптэры. Але найбольш вядомым апаратам гэтае клясы ёсьць вэрталёт (гэлікаптэр) — ЛА зь нясучым вінтом, які можна разглядаць як сыстэму крылаў, якія круцяцца ў плоскасьці, блізкае да гарызантальнае. Нахіленьнем плоскасьці кручэньня нясучага вінта да скіроўваньня палёту ствараецца ня толькі пад’ёмная сіла, але й цяга. У вінтакрыла пад’ёмная сіла ствараецца адначасова нясучым вінтом і крылом, а цяга — цягнучым і нясучым вінтамі. Існуюць самалёты зь вінтамі, плоскасьць кручэньня якіх можа зьмяняцца ад вэртыкальнае да гарызантальнае, — гэткія самалёты могуць зьдзяйсьняць вэртыкальныя ўзьлёт і пасадку.
Выкарыстаньне газадынамічнага прынцыпу пад’ёмнае сілы дазваляе й рэактыўнаму самалёту лятаць з малымі хуткасьцямі й нават «вісець», зьдзяйсьняць вэртыкальныя або скарочаныя ўзьлёт і пасадку. Гэта дасягаецца адхіленьнем уніз струменю рэактыўнага рухавіка праз паваротныя саплы альбо выкарыстаньне адмысловых вэртыкальна ўсталяваных рухавікоў.