Рэльеф Беларусі
сукупнасьць відаў зямной паверхні Беларусі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэлье́ф Белару́сі — сукупнасьць відаў зямной паверхні Беларусі.
Землі Беларусі месьцяцца ў межах Усходне-Эўрапейскай раўніны[1], што абумоўлівае перавагу плоскіх і спадзіста-хвалістых раўнінаў і нізінаў, рачных далінаў і градава-ўзгоркавых спалучэньняў. Вышыні вагаюцца ад 345 мэтраў на Сьвятой гары на Менскім узвышшы да 80 мэтраў у даліне Нёману каля мяжы зь Летувой. Сярэдняя вышыня паверхні Беларусі складае 160 мэтраў над узроўнем мора. Большасьць узвышшаў, на якія прыпадае 1/3 земляў, месьціцца на захадзе і ў сярэдзіне краіны ды мае вышыні 200—300 мэтраў. Глыбіня расчляненьня паніжаных міжрэччаў складае да 5 мэтраў, на прыўзьнятых раўнінах дасягае 10 мэтраў, на ўзвышшах да 40 мэтраў. За кошт разбуральнага ўрэзу ваганьні вышыні дасягаюць 100 мэтраў. Гушчыня расчляненьня (даўжыня разбуральнай сеткі) на нізінах складае да 200 м/км², на больш прыўзьнятых раўнінах — да 500 м/км², на схілах краявых градаў і каля буйных рачных далінаў — да 2 км/км², радзей да 3,5 км/км². Рэльефаўтваральнымі ёсьць пераважна адклады чацьвярцічнага пэрыяду: азёрна-ледавіковыя, ледавіковыя і патокава-ледавіковыя марэны. Іх магутнасьць дасягае 300 мэтраў і ў сярэднім складае 75—80 мэтраў[2].
На поўначы пераважае ледавіковы рэльеф паазерскага зьледзяненьня з амаль 3000 азёраў, мноствам бясьсьцёкавых катлавінаў і плоскіх забалочаных нізінаў, акаймаваных і падзеленых купкамі ўзгоркаў, зьвіліста-разгалінаваных краявых градаў. Вышыні вагаюцца ад 120 мэтраў на нізінах і раўнінах да 250 мэтраў на ўзвышшах і градах. У сярэдзіннай Беларусі дэнудаваны рэльеф ёсьць пераважна ледавіковым сожскага ўзросту. Пашыраныя краявыя ўзвышшы і плятопадобныя раўніны, якія ёсьць часткай водападзелу басэйнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Вышыні дасягаюць 250 мэтраў. На поўдні пашыраны дэнудаваны рэльеф сожскага і дняпроўскага ўзросту, а таксама абалонавы і азёрна-абалонавы рэльеф паазерска-галяцэнавага ўзросту. Вышыні складалі 120—185 мэтраў і зрэдку перавышалі 200 мэтраў. Найбольш нізкія ўзроўні зямной паверхні Беларусі прыстасаваныя да рачных далінаў, найбольшыя зь якіх цягнуцца на сотні кілямэтраў і ёсьць міжзонавым рэльефам. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (58% земляў) і Балтыйскага мораў. У далінах буйных рэк Чарнаморскага вадазбору звычайна вылучаюцца 2-3-узроўневы поплаў і 2 надпоймавыя тэрасы. У рэк Балтыйскага вадазбору — 2-3-узроўневы поплаў, 2-3-цыклевыя поймавыя тэрасы і некалькі мясцовых тэрасавых узроўняў (да 8—9 у Нёмана). Першасны выгляд значнай часткі зямной паверхні Беларусі відазьменены, а месцамі цалкам зьнішчаны пазьнейшым разбурэньнем і дэнудацыяй, асабліва тэхнагеннай дзейнасьцю. Створаны чалавекам рэльеф ў выглядзе адвалаў, дамбаў, кар’ераў і катлаванаў часта ёсьць супастаўным з прыродным рэльефам паводле памеру. Чалавекатворны рэльеф займаў звыш 4% плошчы краіны. Чалавечае ўзьдзеяньне на зямную паверхню прывяло да зьнікненьня такіх відаў рэльефу, як камы, озы і краявыя ледавіковыя грады[2].