Сьвятая Рымская імпэрыя
дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала з 962 па 1806 гады й аб’ядноўвала шматлікія тэрыторыі Эўропы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьвята́я Ры́мская імпэ́рыя няме́цкай на́цыі (па-лацінску: Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicae; па-нямецку: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation) — дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала з 962 па 1806 гады й аб’ядноўвала шматлікія тэрыторыі Эўропы. У пэрыяд найвышэйшага росквіту ў склад імпэрыі ўваходзілі сучасныя краіны, як Нямеччына, якая зьяўлялася ейным ядром, паўночная й сярэдняя Італія, Нідэрлянды, Чэхія, а таксама некаторыя рэгіёны Францыі. З 1134 году фармальна складалася з трох каралеўстваў: Нямеччыны, Італіі й Бургундыі. З 1135 году ў склад імпэрыі ўвайшло каралеўства Чэхія, афіцыйны статус якога ў складзе імпэрыі быў канчаткова ўрэгуляваны ў 1212 годзе. У 1157 годзе імпэрыя атрымала назву «Сьвятая імпэрыя» (лац. Sacrum Imperium), а ў 1254 годзе быў упершыню выкарыстаны тытул «Сьвятая Рымская імпэрыя» (лац. Sacrum Romanum Imperium) у пісьмовых крыніцах. У XV і XVI стагодзьдзях тытул быў падоўжаны дадаткам «Нямецкае нацыі». У гістарычнай літаратуры Сьвятую Рымскую імпэрыю зь нядаўняга часу называюць таксама Старой імпэрыяй.
Сьвятая Рымская імпэрыя лац. Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicae ням. Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation | |||||
| |||||
| |||||
Тэрыторыя Сьвятой Рымскай імпэрыі ў 962—1806 гадох | |||||
Афіцыйная мова | лацінская, нямецкая | ||||
Форма кіраваньня | выбарчая манархія, райхстаг | ||||
Гісторыя • Каранаваньне Атона I імпэратарам • Конрад II атрымоўвае карону Бургундыі • Складаньне Вормскага канкардату • Аўгсбурская мірная дамова • Вэстфальская мірная дамова • Адмаўленьне ад стальцу Франца II |
2 лютага 962 2 лютага 1033 23 верасьня 1122 25 верасьня 1555 24 кастрычніка 1648 6 жніўня 1806 | ||||
Цяпер зьяўляецца часткай | Нямеччына, Аўстрыя, |
Імпэрыя была заснавана ў 962 годзе нямецкім каралём Атонам I Вялікім і разглядалася як прамы працяг антычнай Рымскай імпэрыі й франскай імпэрыі Карла Вялікага. Працэсы станаўленьня адзінай дзяржавы ў імпэрыі за ўсю гісторыю ейнага існаваньня гэтак і не былі скончаны, і яна заставалася дэцэнтралізаваным утварэньнем са складанай фэадальнай герархічнай структурай, якая аб’ядноўвала некалькі сотняў тэрытарыяльна-дзяржаўных утварэньняў. На чале імпэрыі стаяў імпэратар. Імпэратарскі тытул ня быў спадчынным, а прысвойваўся па выніках абраньня калегіяй курфюрстаў. Улада імпэратара ніколі не была абсалютнай і абмяжоўвалася вышэйшай арыстакратыяй Нямеччыны, а з канца XV стагодзьдзя — райхстагам, якія прадстаўлялі інтарэсы асноўных саслоўяў імпэрыі.
У раньні пэрыяд свайго існаваньня імпэрыя мела характар фэадальна-тэакратычнай дзяржавы, а імпэратары прэтэндавалі на вышэйшую ўладу ў хрысьціянскім сьвеце. Узмацненьне Папскага стальцу й шматвяковая барацьба за ўладаньне Італіяй пры адначасовым росьце магутнасьці тэрытарыяльных князёў у Нямеччыне значна паслабілі цэнтральную ўладу ў імпэрыі. У пэрыяд позьняга Сярэднявечча ўзялі верх тэндэнцыі дэзінтэграцыі, якія пагражалі ператварыць Сьвятую Рымскую імпэрыю ў канглямэрат паўнезалежных утварэньняў. Аднак ажыцьцёўленая ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя «імпэрская рэформа» дазволіла ўмацаваць адзінства краіны й сфармаваць новы балянс улады паміж імпэратарам і саслоўямі, які дазволіў імпэрыі адносна пасьпяхова канкураваць з нацыянальнымі дзяржавамі Заходняй Эўропы. Крызіс Рэфармацыі й Трыццацігадовай вайны быў пераадолены коштам далейшага абмежаваньня ўлады імпэратара й ператварэньнем агульнасаслоўнага райхстага ў галоўны элемэнт імпэрскай канструкцыі. Імпэрыя новага часу забясьпечвала суіснаваньне некалькіх канфэсіяў у рамках адзінай дзяржавы й захаваньне самастойнасьці ейных суб’ектаў, а таксама абарону традыцыйных правоў і прывілеяў саслоўяў, аднак страціла здольнасьць да экспансіі, узмацненьня цэнтральнай улады й вядзеньня наступальных войнаў. Разьвіцьцё буйных нямецкіх княстваў па шляху ўнутранай кансалідацыі й станаўленьні ўласнай дзяржаўнасьці ўваходзіла ў супярэчнасьць з застылай імпэрскай структурай, што ў XVIII стагодзьдзі прывяло да паралічу цэнтральных інстытутаў і развалу імпэрскай сыстэмы. Сьвятая Рымская імпэрыя праіснавала да 1806 году й была ліквідавана падчас напалеонаўскіх войнаў, калі быў сфармаваны Райнскі зьвяз, а апошні імпэратар Франц II адмовіўся ад стальцу.