Удзельнік:Алёхно/Ліцьвіны
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ліцьвіны[1] (літвіны[1], літва; ст.-бел. литвины[2]) — гістарычнае найменьне і саманазва ўраджэнцаў беларускіх земляў у Вялікім Княстве Літоўскім, якая выкарыстоўвалася поруч з русінамі[3][4][5][6][7]. Па Крэўскай уніі «ліцьвінамі» называліся каталікі ВКЛ у канфэсыйным сэнсе, а таксама ўсё жыхарства ў нацыянальным сэнсе, у той час як «русінамі» (а таксама «ліцьвіны рускае веры», «ліцьвіны грэчаскага закону» і да т. п.) у ВКЛ называліся праваслаўныя ў канфэсыйным сэнсе[8][9]. Паводле энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі» 1989 году, 4-га тому Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (1997 год) і 9-га тому Беларускай энцыкляпэдыі (1999 год), гэта назва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, пераважна заходніх беларусаў і ўсходніх летувісаў у XIV—XVIII стагодзьдзях, якая ў XVI—XVIII стагодзьдзях набыла гучаньне палітоніма — дзяржаўна-палітычнага вызначэньня ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага[10][11]. У XVI—XVIII стагодзьдзях назва «ліцьвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасьвядомасьці беларускага народу і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[12][13].