Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця
міжурадавы банк Ангельшчыны / From Wikipedia, the free encyclopedia
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — міжурадавы банк, заснаваны ў красавіку 1991 году ў Лёндане (Ангельшчына).
анг. European Bank for Reconstruction and Development | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Мы ўкладаем у зьмяненьне жыцьцяў |
Заснаваная | 15 красавіка 1991 (32 гады таму) |
Заснавальнікі | 40 урадаў |
Уласьнікі | 71 урад (2023 год) |
Краіна | Ангельшчына |
Разьмяшчэньне | графства Вялікі Лёндан |
Адрас | акруга Цьвярдыневыя Вёскі, квартал Канарскі Прычал, Банкаўская вул., д. 5[1] |
Ключавыя фігуры | Одыль Рэно-Басо (старшыня), Сігрыд Кааг (старшыня Рады кіраўнікоў)[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | пазыка, парука, укладаньне |
Абарачэньне | 2,27 млрд эўра (2022 год) |
Чысты прыбытак | -1,117 млрд эўра (2022 год)[3] |
Лік супрацоўнікаў | 3000 (2016 год) |
Аўдытар | «Прайсўотэрхаўс-Купэрс» |
Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», мэтай банку было спрыяньне пераходу да адчыненай рынкавай гаспадаркі і прасоўваньне прыватнага і прадпрымальніцкага пачынаньня ў краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, прыхільных шматпартыйнаму народаўладзьдзю і плюралізму. Дадзеная мэта магла таксама ажыцьцяўляцца ў Манголіі і краінах на поўдні і ўсходзе Міжземнага мора. Згодна з 2-м артыкулам банк меў дапамагаць краінам-пазычальніцам у ажыцьцяўленьні структурных і галіновых гаспадарчых пераўтварэньнях, улучна з дэманапалізаваньнем, дэцэнтралізаваньнем і прыватызаваньнем, каб дапамагчы іх гаспадаркам у поўным залучэньні ў міжнародную гаспадарку шляхам:
- прасоўваньня праз прыватных і іншых зацікаўленых укладальнікаў распачынаньня, паляпшэньня і пашырэньня выніковай, спаборнай і прыватнай дзейнасьці, у прыватнасьці малых і сярэдніх прадпрыемстваў;
- задзейнічаньня ўнутранага і замежнага капіталу, а таксама дасьведчанага кіраўніцтва;
- спрыяньня выніковым укладаньня, у тым ліку ў галіне паслугаў і фінансавай галіне, а таксама ў інфраструктуру, патрэбную для падтрымкі прыватнага і прадпрымальніцкага пачынаньняў, каб дапамагчы ў стварэньні спаборнага асяродзьдзя і паляпшэньні прадукцыйнасьці, узроўню жыцьця і ўмоваў працы;
- аказаньня тэхнічнай дапамогі для падрыхтоўкі, фінансаваньня і ўвасабленьня асобнай і праграмнай задумы ўкладаньняў;
- заахвочаньня разьвіцьця рынку капіталу;
- падтрымкі грунтоўных і гаспадарча жыцьцяздольных задумаў з прыцягненьнем больш як адной краіны-пазычальніцы;
- прасоўваньня ва ўсёй сваёй дзейнасьці навакольна абгрунтаванага і ўстойлівага разьвіцьця[4].
Банк меў супрацоўнічаць зь Міжнародным валютным фондам, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй, Агенцтвам шматбаковай аховы інвэстыцыяў, Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (Францыя) і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у справе гаспадарчага разьвіцьця і ўкладаньняў у краіны Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, сяброўства ў ЭБРР было адчынена для эўрапейскіх краінаў і іншых краінаў, што былі сябрамі МВФ, а таксама Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці і Эўрапейскага банку ўкладаньняў. Новых сябраў прымалі пры падтрымцы 2/3 кіраўнікоў, якія мелі 3/4 галасоў. Згодна з 6-м артыкулам 50 % падпіскі на капітал мела ажыцьцяўляцца за кошт безадсоткавых аблігацыяў у эўра, далярах ЗША і японскіх енах. У 34-м артыкуле згадвалася, што кожная дзяржава-ўдзельніца прызначала свой галоўны банк у якасьці дэпазытарыя сваёй валюты для ЭБРР[4].