Атам
найменшая адзінка хімічнага рэчыва / From Wikipedia, the free encyclopedia
А́там (па-старажытнагрэцку: ἄτομος — «непадзельны») — маленечкая часьцінка рэчыва, найменшая часьцінка хімічнага элемэнту, што захоўвае ягоныя ўласьцівасьці. Атам складаецца з дробнага, але масіўнага ядра, якое нясе дадатны электрычны зарад, і шмат лягчэйшых электронаў, якія маюць адмоўны электрычны зарад і ўтвараюць вакол ядра электронныя абалонкі. Памеры атама нашмат большыя за памер ядра і вызначаюцца памерамі электронных абалонак. Ядро складаецца з аднаго або некалькіх пратонаў і шэрагу нэўтронаў. Толькі найбольш распаўсюджаны ў Сусьвеце элемэнт вадарод ня мае нэўтронаў. Пратоны і нэўтроны называюцца нуклёнамі. Нэўтроны ня маюць электрычнага зараду.
Больш за 99,94% масы атама знаходзіцца ў ядры. Парадак лінейных памераў атаму — 0,1 нм. Для параўнаньня таўшчыня чалавечага воласу — каля мільёну атамаў вугляроду. Гэта менш за любую даўжыню хвалі бачнага сьвятла, таму чалавечае вока ня можа ўбачыць атамы ў звычайным мікраскопе.
Фізычныя і хімічныя ўласьцівасьці атаму вызначаюцца ягонай будовай, якая апісваецца квантавымі законамі. Электроны атаму прыцягваюць пратоны ў атамным ядры электрамагнітнай сілай. Пратоны і нэўтроны ў ядры прыцягваюцца адзін да аднаго ядзернай сілай. Звычайна гэтая сіла мацнейшая за электрамагнітную сілу, якая адштурхвае дадатна зараджаныя пратоны адзін ад аднаго. Пры пэўных абставінах электрамагнітная сіла становіцца мацнейшай за ядзерную сілу. У гэтым выпадку ядро разбураецца і пакідае пасьля сябе розныя элемэнты.
Калі колькасьць пратонаў і электронаў роўная, то атам ёсьць электрычна нэўтральным. Калі колькасьць электронаў большая за колькасьць пратонаў, то атам мае адмоўны зарад і называецца адмоўным іёнам, або аніёнам. У адваротным выпадку атам, які мае дадатны зарад, называецца дадатным іёнам, або катыёнам. У залежнасьці ад кантэксту, кажучы пра атам, маюць на ўвазе як электранэўтральныя атамы, гэтак і іёны згаданага хімічнага элемэнту, або гавораць пра атам, каб адрозьніць нэўтральную часьцінку рэчыва ад іёну, які мае электрычны зарад. Колькасьць пратонаў у ядры, званая атамным нумарам, вызначае, да якога хімічнага элемэнту належыць атам. Напрыклад, кожны атам медзі зьмяшчае 29 пратонаў. Атамы з аднолькавай колькасьцю пратонаў, але рознай колькасьцю нэўтронаў называюцца ізатопамі элемэнту.
Атам можа далучацца да аднаго або некалькіх іншых атамаў з дапамогай хімічных сувязей, утвараючы хімічныя злучэньні, як то малекулы або крышталі. Здольнасьць атамаў аб’ядноўвацца і адшчапляцца ёсьць адным з чыньнікаў большасьці фізычных зьменаў, якія назіраюцца ў прыродзе. Вывучэньнем гэтых зьменаў займаецца навука хімія.