Лёгкая атлетыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лёгкая атлетыка — від спорту, у які ўваходзяць розныя спартовыя спаборніцтвы заснаваныя на такой дзейнасьці, як то бег, скокі й кіданьне. Кіданьні й скокі звычайна адбываюцца ў цэнтральнай плошчы стадыёна, у той час калі бег праходзіць па-за травяным пакрыцьцём пляцоўкі. Лёгкая атлетыка складаецца з такіх спартовых дысцыплінаў, як то спаборніцтвы на стадыёне, шашэйны бег, бег па перасечанай мясцовасьці й спартовая хадзьба. Самыя вядомыя спаборніцтвы па гэтаму віду спорту ёсьць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (ІААФ) зьяўляецца міжнародным органам па лёгкай атлетыцы, яна была створана ў 1912 годзе й на сёньня аб’ядноўвае 213 нацыянальных фэдэрацыяў.
Лёгкая атлетыка, як правіла, складаецца зь індывідуальных відаў спорту, дзе спартоўцы супэрнічаюць адзін з адным дзеля выяўленьня пераможцы. У спаборніцтвах на хуткасьць перамагае спартовец з хуткім часам, у той час як у скоках і кіданьнях перамагае спартовец, які дамогся найбольшай адлегласьці альбо вышыні. Спаборніцтвы па бегу падзяляюцца на спрынт, бег на сярэднія й доўгія дыстанцыі, эстафэты й бег зь перашкодамі. Спаборніцтвы па скоках уключаюць у сябе скокі ў даўжыню, патройны скок, скокі ў вышыню й скокі з шастом, у той час як найбольш распаўсюджанымі спаборніцтвамі па кідаючым відам ёсьць штурханьне ядра, кіданьне дзіды, дыску й молату. Ёсьць таксама шматбор’і, як то сямібор’і й дзесяцібор’і, у якім спартоўцы спаборнічаюць у некалькіх зь пералічаных відаў.
Лепшыя паказчыкі ў кожнай з дысцыплінаў захоўваюцца на сусьветным і нацыянальным узроўнях, і называюцца сусьветнымі й нацыянальнымі рэкордамі, таксама рэкорды захоўваюцца й на асабістым ўзроўні. Аднак, спартоўцы, якія парушылі правілы спаборніцтваў, дыскваліфікуюцца са спаборніцтваў й іхныя дасягненьні не ўлічвацца.