Міжнародны астранамічны зьвяз
From Wikipedia, the free encyclopedia
Міжнаро́дны астранамі́чны зьвяз (па-ангельску: International Astronomical Union, IAU) — міжнародны зьвяз астраномаў, заснаваны ў ліпені 1919 году ў Брусэлі (Бэльгія). Ён складаецца зь дзяржаваў-членаў (прадстаўленых нацыянальнымі акадэміямі або іншымі няўрадавымі ўстановамі) і больш за 10 000 індывідуальных чальцоў. Разам з падобнымі арганізацыямі ў іншых галінах навукі, IAU належыць да Міжнароднай рады навуковых зьвязаў са штабам ў Парыжы. Генэральныя асамблеі (зьезды) праходзяць раз у тры-чатыры гады ў адной з краінаў-удзельніц (перапынак быў толькі ў гады вайны). На сёньняшні дзень зьвяз уключае 49 дзяржаваў. СССР увайшоў у 1935 годзе. Гісторыя стварэньня IAU пачынаецца ад міжнароднага супрацоўніцтва па праекце «Мапа Неба». У 1887 годзе Сталая камісія па фатаграфічнай карце неба распаўсюдзіла свае інтэрасы й на іншыя падзелы астраноміі і таму можа лічыцца родапачынальніцай IAU.
IAU прызнаны найвышэйшай міжнароднай інстанцыяй у рашэньні астранамічных пытаньняў, якія патрабуюць супрацоўніцтва і стандартызацыі, такіх як афіцыйнае найменьне астранамічных целаў і дэталяў на іх. Пад яго патранажам працуюць Цэнтральнае бюро астранамічных тэлеграм і Цэнтар малых плянэт, разьмешчаныя ў Сьмітсанаўскай астрафізычнай абсэрваторыі. Кожныя тры гады зьбіраецца Генэральная асамблея IAU, рэгулярна арганізуюцца сымпозіюмы і калёквіюмы адмыслоўцаў. Бягучая арганізацыйная праца праводзіцца Камісіямі ды Працоўнымі групамі.
У Зьвязе дзейнічаюць звыш 50 сталых камісіяў і Выканаўчы камітэт.