Нафта
прыродная палкая вадкасьць / From Wikipedia, the free encyclopedia
На́фта (пэрс. نفت — трансьліт. нафт) — гаручая алеістая вадкасьць са спэцыфічным водарам, распаўсюджаная ў асадачнай абалонцы Зямлі.
Падкляса ад | арганічнае немінэральнае злучэньне, выкапнёвае паліва |
---|---|
Класыфікацыйны код ААН | F1 |
Код Гарманізаванай сыстэмы | 331 |
Ёсьць найважнейшым карысным выкапнем. Утвараецца разам з газападобнымі вуглевадародамі на глыбіні 1,2—2 км. Паблізу ад паверхні нафта пераўтвараецца ў густую мальту, паўцьвёрды асфальт і іншыя. Складаецца з розных вуглявадародаў (альканаў, цыкляальканаў, арэнаў — араматычных вуглевадародаў — і іх гібрыдаў) і злучэньняў, якія ўтрымліваюць акрамя вугляроду і вадарод — тлен, серку і азот. Нафта моцна розьніцца па колеры (ад сьветла-карычневай, амаль бескаляровай, да цёмна-бурай, амаль чорнай) і па гаматнасьці — ад лёгкай (0,65—0,7 г/см³) да цяжкай (0,98—1,05 г/см³).
Нафта — вадкая гідрафобная фаза прадуктаў пахаваньня арганічнага рэчыва ў асадкавых адкладах. Нафтаўтварэньне — доўгі працэс (некалькі мільёнаў гадоў). Выдзяляюць некалькі этапаў утварэньня нафты: падрыхтоўчы, пад час якога пад узьдзеяньнем біяхімічных і біякаталітычных чыньнікаў утвараецца расьсеяная ў мацярынскай пародзе нафта (мікранафта); галоўная, калі ў выніку бітумізацыі ўтвараецца асноўная маса мікранафты, адбываецца яе «высьпяваньне», збліжэньне па складу са звыклай нафтай і міграцыя ў калектары, а потым у пасткі; пастумная, калі ўзмацняецца назапашваньне нізкамалекулярных вуглявадародаў, што садзейнічае ўтварэньню лёгкай газарастворанай нафты — газакандэнсата; паступова газы становяцца ўсё больш «сухімі» (г. зн. багатымі на СН4).
Лічыцца, што асноўным зыходным рэчывам нафты зьяўляецца плянктон, які забясьпечвае найбольшую біяпапуляцыю ў вадзе і назапашваньне ў адкладах арганічнага рэчыва, характэрызуючагася высокім утрыманьнем вадароду. Пароды, якія ўтварыліся з адкладаў, утрымліваючых такое арганічнае рэчыва, патэнцыяльна нафтавыя.
Нафта знаходзіцца ў нетрах у выглядзе скапленьняў рознага аб’ёму ад некалькіх мм³ да некалькіх дзясяткаў млрд м³. Прамысловы інтарэс маюць паклады нафты з масай ад некалькіх тыс. т і больш, якія знаходзяцца ў порыстых пародах-калектарах.
На міжнародным рынку нафту прынята вымяраць барэлямі.