Філязофія
інтэлектуальнае і/або лягічнае вывучэньне агульных і фундамэнтальных праблемаў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Філязо́фія (па-грэцку: φιλοσοφία) у адрозьненьне ад іншых навук ня мае дакладна акрэсьленага прадмету вывучэньня. Агульна філязофію можна ахарактарызаваць як спробу крытычна-рацыянальнай самаправеркі мысьленьня, як мэтадычную рэфлексію. Спроба акрэсьліць тэрмін «філязофія» ўжо сама па сабе зьяўляецца прадметам вывучэньня філязофіі.
Пачатак філязофскага мысьленьня ў 6 стагодзьдзі да н. э. вызначае непасрэдны пачатак эўрапейскае гуманітарнае гісторыі. На працягу стагодзьдзяў зь філязофіі выкрысталізаваліся і былі ўдасканаленыя мэтады і дысцыпліны іншых асобных навук. Так, і па сёньняшні дзень існуюць не губляючы сваёй актуальнасьці такія філязофскія дысцыпліны як лёгіка як навука аб пасьлядоўным і дакладным мысьленьні, этыка як навука аб маралі, мэтафізыка як навука аб высновах існаваньня і рэчаіснасьці. Філязофія таксама дала жыцьцё такім навукам як тэорыя пазнаньня і тэорыя навукі, якія займаюцца вывучэньнем магчымасьцяў пашырэньня і ўдасканальненьня ведаў увогуле альбо ў асабістых выпадках у розных асобных навуках.