Індская цывілізацыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
І́ндская цывілізацыя, цывілізацыя даліны ракі Інд, цывілізацыя Інда і Сарасва́ці, Хара́пская цывілізацыя, старажытная даарыйская цывілізацыя (археалагічная культура) Індыі. Існавала з сярэдзіны ІІІ тысячагоддзя да н.э. да 17—16 стагоддзяў да н.э. на паўночным захадзе паўвострава Індастан (на тэрыторыі сучасных Індыі, Пакістана і Афганістана). Адзін з самых ранніх ачагоў урбаністычнай культуры народаў свету.
Індская цывілізацыя Бронзавы век | |
---|---|
Геаграфічны рэгіён | Паўднёвая Азія |
Лакалізацыя | Пакістан, Індыя, Афганістан |
Датаванне | сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н. э. — першая трэць 2 тысячагоддзя да н. э. |
Тып гаспадаркі | сельская гаспадарка, рамяство |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Адрыта болей за 1000 помнікаў: першасныя земляробчыя паселішчы (Мергарх), руіны буйных гарадоў (Харапа, Махенджа-Дара, Ракхігархі, Ганверывал), марскіх портаў (Латхал і Дхалавіра), памежных крэпасцей, вёсак (Алахдзіна). Археалагічныя знаходкі паказваюць існаванне развітых гандлёвых сувязей з суседзямі і аддаленымі краінамі — Кулі, Аратай, Бахрэйнам, Бактрыйска-Маргіянскай цывілізацыяй, магчыма, з Шумерам.
Аснова эканомікі — жывёлагадоўля (зебу, курыца, буйвалы, свінні) і ірыгацыйнае земляробства (пшаніца, проса, ячмень, рыс). Развітыя манументальнае будаўніцтва, металургія медзі і бронзы.
Заняпад Індскай цывілізацыі, верагодна, вызначаўся некалькімі прычынамі: тэктанічным зрухам і паводкамі, спусташэннем і забалочваннем глебы, эпідэміямі і войнамі. Дравідыйскае насельніцтва даліны Інда ў гэтыя часы перамяшчаецца на паўднёвы ўсход і страчвае былы ўзровень развіцця.
Генетычна звязанай з Індскай (Харапскай) цывілізацыяй лічаць постхарапскую культуру. Уплыў Індскай цывілізацыі прасочваецца ў культуры сучасных народаў Індыі і Пакістана. Індская цывілізацыя не аказала істотнага ўплыву на культуру індаарыяў — новага старажытнаіндыйскага ачагу цывілізацыі ў даліне Ганга, аддаленага ад Індскага больш як на тысячу кіламетраў.