Бе́ркут, ці Аро́л-ма́ркут (Aquila chrysaetos) — адна з найбольш вядомых драпежных птушак сямейства ястрабіных, самы распаўсюджаны ў свеце арол. Пашыраны ў Паўночным паўшар’і, сустракаецца ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўночнай Афрыкі, Паўночнай Амерыкі. Пазбягае чалавека. На большай частцы арэала жыве асела, трымаецца парамі каля гнязда. Качуе пасля перыяду гнездавання, месца зiмовак у межах гнездавога арэала, акрамя Крайняй Поўначы ва Усходняй Еўропе. Палюе на разнастайную дзічыну, часцей на зайцоў, грызуноў і многія віды птушак. Гняздо робіць на высокім дрэве альбо на цяжкадаступным скалістым уступе. У кладцы звычайна два яйкі, аднак часцей за ўсё выжывае толькі адно птушаня. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
За апошнія стагоддзі беркут знік з многіх раёнаў, дзе жыў раней — асноўныя абмежавальныя фактары звязаны з трансфармацыяй чалавекам гнездавых і кармавых біятопаў. У цяперашні час беркут, як і большасць іншых еўрапейскіх птушак-драпежнікаў, знаходзіцца пад аховай нацыянальных законаў і міжурадавых пагадненняў[1]. У прыватнасці, беркут мае статус віду, які знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення ў Чырвонай кнізе Беларусі[2], уключаны ў нацыянальныя Чырвоныя кнігі Літвы, Латвіі, Расіі[3], Украіны, Польшчы.