Георгіеўская стужка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Георгіеўская стужка (руск.: Георгиевская лента) — двухколерная стужка ў выглядзе палоскі з трыма чорнымі і двума жоўтымі (пазней аранжавымі) палосамі. Геральдычны элемент, які выкарыстоўваўся ў сістэме дзяржаўных узнагарод Расійскай імперыі ў другой палове XVIII — пачатку XX стагоддзяў. Ордэнская стужка, атрыбут вышэйшай ваеннай узнагароды Расійскай імперыі — ордэна Святога Георгія[1]. Жоўты колер сімвалізаваў расійскую імперскую карону, а чорны — двухгаловага арла[2][3].
Пасля 1917 года «георгіеўскія» знакі адрознення спынілі афіцыйнае існаванне, у далейшым стужка да іх выкарыстоўвалася ў знаках адрозненнях у белагвардзейскага руху і ў расійскіх падраздзяленнях Вермахта падчас Другой сусветнай вайны[4][5]. Лічыцца таксама, што яна стала прататыпам савецкіх узнагарод — ордэна Славы і медаля «За перамогу над Германіяй», а таксама гвардзейскай стужкі[6]. 8 жніўня 2000 года ордэн Святога Георгія, элементам якога з'яўляецца стужка, адноўлены ў якасці вышэйшай ваеннай узнагароды Расійскай Федэрацыі[7].
Як асобны сімвал атрымала вядомасць у 2005—2007 гадах, падчас распачатай у Расіі дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам «Навіны» і РГАСПМ «Студэнцкая грамада» акцыі «Георгіеўскі стужка» па распаўсюджванні сярод насельніцтва ў Дзень Перамогі невялікіх адрэзкаў стужак, па форме і колеру падобных да георгіеўскай стужкі. Мэтай акцыі былі задэклараваны «стварэнне сімвала свята Перамогі», «выраз павагі да ветэранаў, даніна памяці загінулым на полі бою, удзячнасці людзям, якія аддалі ўсё для фронту»[8]. Праз відавочную падмену паняццяў і адкрытую прапагандысцкую накіраванасць акцыі, стужка стала ўспрымацца як знак прыналежнасці да расійскай імперскай прасторы[9]. Сярод скептыкаў, за падабенства з афарбоўкай вядомага сельскагаспадарчага шкодніка, стужка атрымала пеяратыўную назву «каларадская».