Гравантры
From Wikipedia, the free encyclopedia
Грава́нтры (саманазвы: A'aninin, Haaninin літаральна «людзі белай гліны»; фр.: Gros Ventres, літаральна «вялікія жываты») — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады і ЗША. Агульная колькасць (2000 г.) — 3 682 чал.
A'aninin, Haaninin | |
Гравантр. Фота 1909 г. | |
Агульная колькасць | 3682 (2000 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Канада |
Мова | гравантр |
Рэлігія | анімізм, каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | арапаха |
У мінулым гравантры складалі частку арапаха і жылі на захадзе ад Вялікіх азёр. У пачатку XVIII ст. адзіная група арапаха-гравантраў распалася пад ціскам лепей узброеных аджыбвэ. Большасць гравантраў мігрыравала на раку Саскачэван, меншая група — на раку Місуры. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі з 1754 г.
Эпідэмія воспы ў 1780 г. вымусіла саскачэванскіх гравантраў перасяліцца на поўдзень, дзе яны некаторы час уваходзілі ў склад канфедэрацыі чарнаногіх. У 1861—1867 гг. яны вялі з чарнаногімі вайну, але ў выніку пацярпелі паразу. Гравантры Місуры далучыліся да паўночных арапаха, але пасля іх разгрому ў 1864 г. перайшлі да сваякоў або канчаткова асіміляваліся сярод арапаха.
У 1888 г. урад ЗША стварыў першую рэзервацыю для гравантраў на тэрыторыі штата Мантана. У нашы дні жывуць пераважна на поўначы ЗША і поўдні цэнтральнай Канады.
На працягу XVIII — XIX стст. гравантры перажылі значныя змены ў гаспадарчым і сацыяльным жыцці. Да міграцыі з рэгіёна Вялікіх азёр яны займаліся пераважна пешым паляваннем і земляробствам. У сярэдзіне XVIII ст. гравантры пачалі трымаць коней і перайшлі да качавога ладу жыцця. Традыцыйна гэты народ падзяляўся на 12 аўтаномных аб’яднанняў на чале з правадырамі. Пераважалі нуклеарныя сем’і, якімі кіравалі мужчыны. Спадчына перадавалася па мужчынскай лініі.
Старажытная рэлігія гравантраў была заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Важным рэлігійным рытуалам быў танец сонца. У нашы дні большасць вернікаў спавядае каталіцызм.