Заходняя Беларусь
From Wikipedia, the free encyclopedia
Заходняя Беларусь — назва часткі земляў, якія да 1917 года ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, у 1918—1920 гадах неаднаразова мянялі прыналежнасць і адыйшлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавору пасля польска-савецкай вайны (Гл. таксама: лінія Керзана). Назва дадзеная паводле этнічнага складу насельніцтва, у якім пераважалі беларусы; у такім выглядзе назва існуе ў савецкай, расійскай, украінскай і беларускай культурах. У польскай традыцыі пераважна вядома як Усходнія землі ці ўскраіны («крэсы ўсходнія»), прапануюцца і іншыя азначэнні. У 1930-х гадах насельніцтва складала каля 4 млн чал.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны землі ўвайшлі ў склад БССР — тэрыторыя Заходняй Беларусі прыблізна адпавядае сучасным Брэсцкай, Гродзенскай, частцы Мінскай і заходняй палове Віцебскай абласцей Рэспублікі Беларусь. Частка Віленскага краю ўключна з Вільняй была перададзена Літве, пасля 1944 года Усходняя Беласточчына адыйшла да Польшчы (Гл. таксама Беластоцкая вобласць).