Крупнік
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кру́пнік — старадаўні алкагольны напой, накшталт лікёру, са спірту (ці акавіты), мёду і спецый (цынамон, ваніль, гваздзікі, імбір і мускатны арэх). Вядомы ў Польшчы і ВКЛ з XVIII ст., быў у пэўным сэнсе канкурэнтам нямецкага пуншу. Традыцыйна крупнік падавалі гарачым у малых фарфоравых філіжанках, але ў менш фармальных умовах пілі і са шкляніц, або нават з драўляных ці цыновых лыжак. Існаваў рытуал “палення” крупніку — усе інгрэдыенты складваліся ў вялікую гліняную місу і падпальваліся; паступова палаючая сумесь набірала цёмнаянтарны колер і спецыфічны карэнны водар; па знаку гаспадыні ўсе сабраныя адначасова дзьмулі на полымя, каб яго згасіць. Майстэрства прыгатавання крупніку лічылася ў XIX ст. неабходнай вартасцю гаспадыні шляхецкага дому, да некаторых майстрыняў госці з'язджаліся адмыслова дзеля гэтай нагоды з акругі радыюсам 80 км. Асабліва славіліся крупнікі з Коўна. У ВКЛ таксама былі папулярнымі фруктовыя крупнікі, у якія дадаваліся малінавы або вішнёвы сокі, журавіны і г.д. У наш час крупнік вырабляецца прамыслова ў Польшчы і Літве.