Лес
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лес — прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геаграфічным асяроддзем; адзін з асноўных тыпаў расліннага покрыва Зямлі.
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе галоўная роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Палова гэтай плошчы належыць трапічным лясам. Біямаса лясоў — 90% наземнай біямасы.
Структура лясоў залежыць ад фізіка-геаграфічных умоў асяроддзя, відавога складу і біялагічных асаблівасцей раслін (гл. біягеацэноз). Для лесу характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, па-за ярусныя расліны (ліяны, эпіфііныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя (вільготныя трапічныя лясы, мангравыя лясы, хвойныя лясы), лістападныя (дробна- і шыракалістыя лясы, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя.
Лес уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з'яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля лесу ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генетычнай разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прамысловасці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразвядзенні.
Лес — узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геаграфічных ландшафтаў. Яго вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.