Маргарэт Тэтчэр
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ма́ргарэт Хі́льда Тэ́тчэр, баранэса Тэтчэр, народжаная Робертс (англ.: Margaret Hilda Thatcher, Baroness Thatcher; 13 кастрычніка 1925, Грэнтэм, Лінкальншыр, Англія — 8 красавіка 2013, Лондан, Вялікабрытанія) — брытанская дзяржаўная дзяячка, якая займала пасаду Прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі з 1979 да 1990 года і была лідарам Кансерватыўнай партыі з 1975 да 1990 года. Першая жанчына, якая стала прэм’ер-міністрам еўрапейскай дзяржавы, а яе знаходжанне на пасадзе стала самым працяглым у XX стагоддзі. Атрымаўшы мянушку «жалезная лэдзі», якая стала асацыявацца з яе бескампраміснай палітыкай і стылем кіраўніутва, яна ажыццявіла шэраг кансерватыўных мер, якія сталі часткай палітыкі так званага «тэтчэрызму».
Атрымаўшы адукацыю хіміка, стала юрыстам, у 1959 была выбрана членам Парламента ад Фінчлі. У 1970 была прызначана міністрам адукацыі і навукі ва ўрадзе кансерватара Эдварда Хіта. У 1975 Тэтчэр перамагла Хіта на выбарах новага главы Кансерватыўнай партыі і стала главой парламенцкай апазіцыі, а таксама першай жанчынай, якая ўзначаліла адну з асноўных партый Вялікабрытаніі. Пасля перамогі Кансерватыўнай партыі на ўсеагульных выбарах 1979 года Маргарэт Тэтчэр стала прэм’ер-міністрам.
Стаўшы главой урада, Тэтчэр правяла палітычныя і эканамічныя рэформы для адмены таго, што яна лічыла заняпадам краіны. Яе палітычная філасофія і эканамічная палітыка засноўваліся на дэрэгуляцыі, асабліва, фінансавай сістэмы, забеспячэнні гнуткага рынку працы, прыватызацыі дзяржаўных кампаній і памяншэнні ўплыву прафсаюзаў. Высокая папулярнасць Тэтчэр падчас першых гадоў яе кіравання паменшылася з-за рэцэсіі і высокага ўзроўню беспрацоўя, але зноў павялічылася падчас Фалклендскай вайны 1982 года і эканамічнага росту, што прывяло да яе перавыбрання ў 1983.
Тэтчэр была пераабрана ў трэці раз у 1987, але прапанаваны закон аб дадатковым падатку (poll tax) і погляды на ролю Брытаніі ў Еўрапейскім Саюзе былі непапулярныя сярод членаў яе ўрада. Пасля таго, як Майкл Хезелтайн аспрэчыў яе лідарства ў партыі, Тэтчэр была вымушана падаць у адстаўку з пасады главы партыі і Прэм’ер-міністра. Пасля сыходу з пасады ў 1992 годзе атрымала пажыццёвае званне пэра як баранэса Тэтчэр, якое давала ёй права знаходзіцца ў Палаце Лордаў. Пасля шэрагу невялікіх інсультаў у 2002 годзе ёй было рэкамендавана адмовіцца ад публічных выступаў, а ў 2013 годзе ва ўзросце 87 гадоў Тэтчэр памерла ад чарговага інсульту ў Лондане.