Напалеонаўскія войны — пад гэтым імем вядомы, галоўным чынам, войны, якія вяліся Напалеонам I з рознымі дзяржавамі Еўропы, калі ён быў Першым консулам і імператарам (1800—1815). У шырэйшым сэнсе сюды адносіцца і італьянская кампанія Напалеона (1796—1797), і яго егіпецкая экспедыцыя (1798—1799), хоць іх (асабліва італьянскую кампанію) звычайна прылічаюць да так званых рэвалюцыйных войн.
Хуткія факты Напалеонаўскія войны, Дата ...
Закрыць
Пераварот 18 брумера (9 лістапада 1799 года) аддаў уладу над Францыяй у рукі чалавека, які адрозніваўся, пры бязмежным славалюбстве, геніяльнымі здольнасцямі палкаводца. Гэта адбылося як раз у той час, калі старая Еўропа знаходзілася ў поўнай дэзарганізацыі: урады былі зусім няздольныя да сумесных дзеянняў і гатовыя былі дзеля прыватных выгод змяняць агульнай справе; паўсюль панавалі старыя парадкі, і ў адміністрацыі, і ў фінансах, і ў войску — парадкі, неэфектыўнасць якіх выявілася пры першым жа сур'ёзным сутыкненні з Францыяй.
Усё гэта зрабіла Напалеона ўладаром мацерыковай Еўропы. Яшчэ да 18 брумера, быўшы галоўнакамандуючым Італьянскай арміяй, Напалеон пачаў перадзел палітычнай карты Еўропы, а ў эпоху сваёй экспедыцыі ў Егіпет і Сірыю будаваў грандыёзныя планы адносна Усходу. Стаўшы Першым консулам, ён марыў пра тое, каб у саюзе з рускім імператарам выбіць англічан з пазіцыі, якую яны займалі ў Індыі.