Спіс кодаў краін ФІФА
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Коды ФІФА — трохлітарныя коды, якія прысвойвае Міжнародная футбольная федэрацыя (фр.: Fédération Internationale de Football Association (FIFA)), галоўны футбольны орган, для абазначэння і распазнавання кожнай з 211 краін, якія з'яўляюцца членамі асацыяцыі. Кожная абрэвіятура складаецца з трох літар і, як правіла, паходзіць ад арыгінальнай назвы краіны, альбо тэрыторыі, на англійскай мове. Коды прызначаюцца кантынентальнымі канфедэрацыямі, якія ўваходзяць у ФІФА: Азіяцкай футбольнай канфедэрацыяй (АФК), Канфедэрацыяй афрыканскага футбола (КАФ), Канфедэрацыяй футбола Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна (КАНКАКАФ), Паўднёваамерыканскай футбольнай канфедэрацыяй (КАНМЕБОЛ), Футбольнай канфедэрацыяй Акіяніі (ФКА) і Саюзам футбольных еўрапейскіх асацыяцый (УЕФА). Сістэма вядомая на англійскай мове як «FIFA Trigamme» і мае адрозненні ад іншых падобных сістэм, напрыклад тых, што выкарыстоўваюцца Міжнародным алімпійскім камітэтам і Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі (ISO).
У сваю чаргу 31 абрэвіятура састарэла. Як правіла, гэта адбываецца з-за палітычных зменаў у краінах-членах ФІФА. Часам абвяшчэнне незалежнасці краіны ад каланіяльнай улады з'яўляецца прычынай для змены назвы краіны, як гэта адбылося з Верхняй Вольтай, якая прыняла назву Буркіна-Фасо, і з Галандскай Ост-Індыяй, якая пазней стала Інданезіяй. Апроч таго, уз'яднанне краіны выклікае знікненне папярэдніх тэрытарыяльных утварэнняў, як гэта адбылося з Усходняй Германіяй і Заходняй Германіяй, а таксама з Паўднёвым і Паўночным В'етнамам. Падобная сітуацыя адбываецца і пры распадзе дзяржавы, што адбылося, напрыклад, з Чэхаславакіяй і СССР. Яшчэ адной прычынай змены кода можа быць змена назвы краіны: напрыклад, Заходняе Самоа ў 1997 годзе змяніла назву на Самоа.