Сінан
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сінан (15 красавіка 1489, сяло Агырнас (блізу Кайсеры) — 17 ліпеня 1588, Стамбул) — адзін з самых вядомых асманскіх архітэктараў і інжынераў. Поўнае імя Абдульменнан аглу Сінанедзін Юсуф (турэцк.: Abdülmennan oğlu Sinaneddin Yusuf), вядомы таксама як Хаджа Мімар Сінан Ага (турэцк.: Hoca Mimar Sinan Ağa — спадар настаўнік архітэктар Сінан) і проста Мімар Сінай (турэцк.: Mimar Sinan — архітэктар Сінан). З 1538 года на пасадзе галоўнага асманскага архітэктара і інжынера праводзіў будаўнічыя працы пры султане Сулеймане I і яго пераемніках Сяліме II і Мурадзе III. Кіраваў узвядзеннем грамадзянскіх збудаванняў — мячэцей, мусульманскіх пачатковых школ (мектэбаў), акведукаў, а таксама ўмацаванняў, мастоў і перапраў у ваенных паходах султанаў. Спраектаваў знакамітыя лазні Раксаланы і яе маўзалей. Вучань Сінай Седефкар Мехмет Ага стаў аўтарам праекта Блакітнай мячэці ў Стамбуле, іншыя вучні праектавалі Стары мост у Мостары (Боснія і Герцагавіна), а другі вучань, сірыйскі архітэктар Устада Іса Хан, праектаваў Тадж-Махал у імперыі Вялікіх Маголаў.