Халодны фронт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Халодны фронт — атмасферны фронт (паверхня, якая падзяляе цёплую і халодную паветраныя масы), які перасоўваецца ў бок цёплага паветра. Халоднае паветра наступае і адцясняе цёплае паветра: назіраецца адвекцыя холаду, за халодным фронтам у дадзены рэгіён прыходзіць халодная паветраная маса.
На карце надвор'я халодны фронт пазначаецца сінім колерам ці чорнымі трохкутнікамі, якія накіраваны ў напрамку перасоўвання фронту. Пры пераходзе праз лінію халоднага фронту вецер, як і ў выпадку цёплага фронту, паварочвае ўправа, але паварот больш значны і рэзкі — ад паўднёва-заходняга, паўднёвага (перад фронтам) да заходняга, паўночна-заходняга (за фронтам). Пры гэтым узмацняецца хуткасць ветру. Атмасферны ціск перад фронтам змяняецца павольна. Ён можа падаць, але можа і расці. З прасоўваннем халоднага фронту пачынаецца хуткі рост ціску. За халодным фронтам рост ціску можа дасягаць 3-5 гПа/3 г., а часам 6-8 гПа/3 г. і нават больш. Змяненне барычнай тэндэнцыі (ад падзення да росту, ад павольнага росту да больш моцнага) сведчыць аб праходжанні лініі прыземнага фронту.
Перад фронтам часта назіраюцца ападкі, а нярэдка навальніцы і шквалы (асабліва ў цёплае паўгоддзе). Тэмпература паветра пасля праходжання фронту падае (адвекцыя холаду), прычым часам хутка і рэзка — на 5…10 °С і болей за 1-2 гадзіны. Кропка расы зніжаецца адначасова з тэмпературай паветра. Бачнасць, як правіла паляпшаецца, бо за халодным фронтам прыходзіць больш чыстае і менш вільготнае паветра з паўночных шырот.
Характар надвор'я на халодным фронце заўважна адрозніваецца ў залежнасці ад хуткасці перасоўвання фронту, уласцівасцяў цёплага паветра перад фронтам, характару ўзыходзячых рухаў цёплага паветра над клінам халоднага.
Адрозніваюць два тыпы халодных франтоў:
- халодны фронт першага роду, калі халоднае паветра надыходзіць павольна,
- халодны фронт другога роду, які суправаджаецца хуткім насоўваннем халоднага паветра.