Што Расія павінна зрабіць з Украінай
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Што Расія павінна зрабіць з Украінай» (руск.: Что Россия должна сделать с Украиной) — артыкул Цімафея Сяргейцава, абнародаваны расійскім інфармацыйным агенцтвам «РИА Новости» 3 красавіка 2022 года[1].
У артыкуле раскрываўся «падрабязны план генацыду, пачынаючы з поўнай ліквідацыі ўкраінскай дзяржавы»[2]. З гэтай нагоды 4 красавіка 2022 года ўкраінскі тэлежурналіст Алег Казанскі адзначыў: «Тут адкрыта бароніцца неабходнасць этнацыду. Гаворка ўжо не пра „дэнацыфікацыю“, а пра „дэўкраінізацыю“. Пра тое, што ўкраінцаў трэба прымусіць адмовіцца ад сваёй нацыянальнасці, мовы і культуры з дапамогай масавых рэпрэсій. Расійская дзяржава ўжо проста адкрыта перайшла да рыторыкі нацысцкіх злачынцаў. Цэлы народ аб’яўляецца няправільным, прапагандуецца неабходнасць знішчэння ўкраінцаў і ўкраінскай дзяржаўнасці. І пасля такіх артыкулаў яны яшчэ спрабуюць апраўдацца за Бучу, сцвярджаюць, што не чынілі там ваенных злачынстваў. Такім чынам, паглядзіце, яны на дзяржаўных сайтах абнародавалі заклікі да генацыду ўкраінцаў»[3]. Артыкул быў апублікаваны ў кантэксце працяглага ўварвання Расіі ва Украіну, у той жа дзень, калі пасля адступлення расійскіх войскаў з украінскага горада Буча былі знойдзены целы дзясяткаў мірных жыхароў[4][5]. Артыкул выклікаў міжнародную крытыку і абурэнне і быў асуджаны як доказ генацыдных намераў[6][7][8].