Шэкспіраўскае пытанне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Шэкспі́раўскае пыта́нне — праблема аўтарства твораў, якія прыпісваюцца Уільяму Шэкспіру. Назва паўстала па аналогіі з гамераўскім пытаннем (англ.) (бел..
Пра жыццё Шэкспіра мала што вядома, як і пра большасць іншых англійскіх драматургаў эпохі праўлення Лізаветы I, асабістым жыццём якіх сучаснікі не пераймаліся. Існуе пункт гледжання, так званае «антыстратфардыянства» або «нестратфардыянства», прыхільнікі якога адмаўляюць аўтарства вядомага з крыніц акцёра Шэкспіра са Стратфарда і лічаць, што «Уільям Шэкспір» — гэта псеўданім, пад якім хавалася іншая асоба або група асоб (хутчэй за ўсё, з ведама рэальнага Шэкспіра са Стратфарда). Пры гэтым, улічваючы, што шэраг сучаснікаў прыпісваюць шэкспіраўскія творы менавіта Шэкспіру са Стратфарда, звычайна гэтыя версіі ўключаюць у сябе тую ці іншую тэорыю змовы.
Недвухсэнсоўнае адмаўленне традыцыйнага пункту гледжання вядома з 1848 года (Джозеф Харт), хоць шэраг аўтараў бачыць тыя ці іншыя намёкі на шэкспіраўскае пытанне і ў больш ранняй літаратуры (з XVIII ст.). Разам з тым, сярод нестратфардыянцаў няма адзінства адносна таго, хто менавіта быў сапраўдным аўтарам (аўтарамі) шэкспіраўскіх твораў. Да цяперашняга часу колькасць кандыдатур, прапанаваных рознымі даследчыкамі пытання, складае каля 80.
«Антыстратфардыянскі» пункт гледжання на аўтарства Шэкспіра кансэнсусам акадэмічных навукоўцаў аспрэчваецца цалкам як супярэчны стандартам навуковага даследавання[1], аднак ён атрымаў вялікую вядомасць у культуры і стымуляваў шэкспіразнаўства.