Эканоміка Францыі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Францыя — буйная высокаразвітая краіна, член Вялікай Сямёркі. У Парыжы размешчана штаб-кватэра АЭСР. Па памерах ВУП па ППЗ (каля 3 трлн даляраў у 2019) Францыя адносіцца да еўрапейскіх лідараў і замыкае сусветную дзясятку. Краіну характарызуюць вельмі высокія значэнні ВУПу на душу насельніцтва (47 000 даляраў) і ІЧР (0,901). Гаспадарка Францыі мае постіндустрыяльную галіновую структуру. На сферу паслуг прыходзіцца 78,8 % ВУП краіны, тут працуе больш за 77 % занятага насельніцтва.[1] У шматгаліновай прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць машынабудаванне і хімічная прамысловасць. Адметная роля Францыі ў авіяракетнай індустрыі (еўрапейскі кансорцыум Airbus, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Тулузе). У спіс Fortune Global 500 у 2015 уваходзіла 31 французская кампанія, што ставіць Францыю вышэй за Германію і Злучанае Каралеўства. У 1999—2002 годзе разам з яшчэ 11 еўрапейскімі краінамі перайшла на еўра (старая валюта — французскі франк); з’яўляецца часткай Еўрапейскага адзінага рынку.
У Францыі змяшаная эканоміка з перавагай прыватнага сектара і значным дзяржаўным складнікам у такіх галінах як чыгуначны транспарт, атамная энергетыка, авіябудаўніцтва і тэлекамунікацыі. Пачынаючы з 1990-х роля дзяржавы ў эканоміцы няўхільна зніжаецца. Францыя з’яўляецца адным з найбуйнейшых магнітаў для інвестыцый сярод развітых краін, сама ж уваходзіць у дзясятку сусветных інвестараў. Парыжская фондавая біржа, заснаваная яшчэ Людовікам XV, (з 2007 года філіял NYSE Euronext group) у Еўропе па масштабах саступае толькі Лонданскай. Французскімі з’яўляюцца найбуйнешае страхавое агенства свету AXA і банкі BNP Paribas ды the Crédit Agricole, што ўваходзяць у сусветную дзясятку. Непадалёк ад Ніцы размяшчаецца тэхнапарк Сафія-Антыпаліс. Сусветны лідар па прыёме замежных турыстаў.
Маюцца значныя эканамічныя праблемы. Узровень беспрацоўя ў 2016—2017 складаў каля 10 %, у 2015 каля 15 % насельніцтва жылі за рысай беднасці. Усё гэта час ад часу выліваецца ў вулічныя пратэсты, самымі масавымі з якіх у бягучым дзесяцігоддзі стаў Рух жоўтых камізэлек, што распачаўся ў канцы 2018 пасля чарговага павышэння цаны на бензін.