Энозіс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Энозіс (грэч. Ένωσις — саюз, яднанне, адзінства) — ірэдэнтысцкі рух за ўз'яднанне з гістарычнай радзімай, а таксама ідэйныя і ваенныя ўстаноўкі на далучэнне да суверэннай Грэцыі ў XIX—XX стагоддзях у рэгіёнах з пераважна грэка-хрысціянскім насельніцтвам, што знаходзіліся пад уладай іншых дзяржаў (у першую чаргу, Асманскай імперыі, пазней Турцыі, а таксама Вялікабрытаніі, Італіі, Балгарыі, Албаніі і інш.). Рух з аднаго боку дапамог адрадзіць і захаваць грэчаскую мову і грэка-праваслаўную культуру на больш-менш значнай прасторы, а з іншага прывёў да шэрагу нявырашаных канфліктаў у рэгіёне (асабліва на тэрыторыі рэспублікі Кіпр).
Ідэі энозіса ў першую чаргу адказвалі інтарэсам грэчаскіх меншасцей, што складалі большасць насельніцтва некаторых рэгіёнаў на тэрыторыі суседніх з Грэцыяй дзяржаў, у першую чаргу ў барацьбе супраць турэцкай няволі; у самой Грэцыі такія памкненні таксама знаходзілі нацыянал-патрыятычны водгук, узыходзячы да традыцыйнай рэваншысцкай канцэпцыі аднаўлення грэчаскай дзяржавы ў гістарычных межах Візантыйскай імперыі — Вялікай ідэі (Μεγάλη Ιδέα).