Любоў
эмоцыя, пачуццё прыхільнасці / From Wikipedia, the free encyclopedia
Любо́ў, таксама каха́нне — стаўленне да каго-небудзь як да безумоўнай каштоўнасці, лучнасць, яднанне і агульнасць з якою ўспрымаецца як дабро. Да кахання не адносяць эмацыйныя станы, звязаныя са страсцю ці прыхільнасцю (у т.л. да адносін, вопыту і г.д.); рамантычныя (лірычныя) перажыванні, звязаныя з сексуальнай цягай і сексуальнымі адносінамі.
У дыялогу Платона «Пір» — творы, які задаў большасць асноўных сюжэтаў наступных філасофскіх разважанняў пра каханне, — уз'яднальная функцыя любові (у Платона — любоў-эрас[1]) падаецца як галоўная. У Платона любоўю завецца прага цэласнасці і імкненне да яе, у каханні кожны знаходзіць сваё непаўторнае іншае Я, у лучнасці з якім знаходзіцца гармонія.
У свой час, Арыстоцель лічыў, што сапраўдная любоў (у Арыстоцеля — любоў-філія) засноўваецца на ўзаемнасці, добразычлівасці, даверы, клопаце, імкненні да дасканаласці. У Арыстоцеля адбываецца істотная змена ў разуменні любові, калі ў Платона любоў — стаўленне таго, хто любіць, да таго, каго любяць; адносіны няроўных, то Арыстоцель настойвае на тым, што ў любові, якую ён лічыў гранічнай формай сяброўства, выяўляецца роўнасць.
Платон і Арыстоцель разважалі пра любоў, але праз выяўленыя ў гэтых развагах уласцівасці любові як пачуцця — стаўленне да іншага, адносін паміж людзьмі — у пазнейшыя часы пачалі асэнсоўваць і каханне. Развагамі старажытнасці былі зададзеныя фундаментальныя характарыстыкі кахання як пачуцця, якое, па-першае, накіравана ад таго, хто кахае, да аб'екта кахання і, па-другое, прымушае таго, хто кахае, ахвяраваць дзеля таго, каго ён кахае. Характарыстыкі аднолькава ўласцівыя каханню мужчыны да жанчыны і жанчыны да мужчыны, праўда ў асобных выпадках яны выяўляцца па-рознаму.