Кратар (пасудзіна)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кратар (стар.-грэч.: κρατήρ — «сасуд для змешвання віна») — старажытнагрэчаская пасудзіна з металу ці гліны (радзей — з мармуру ці іншых камянёў) для змешвання віна з вадой. Характэрнымі рысамі кратара з’яўляюцца шырокае тулава з шырокай нізкай ножкай і шырокай гарлавінай і дзве ручкі па баках.
Кратары выкарыстоўваліся пад час сімпосіумаў (традыцыйнае для Старажытнай Грэцыі сумеснае піццё віна, якое суправаджалася размовамі на розныя тэмы і выступленнем музыкаў). Праз іх вялікую вагу кратары размяшчалі нерухома ў цэнтры залі, пасля чаго слугі пры дапамозе кіяфаў (чашаў з высокай петлепадобнай ручкай) разлівалі змяшанае з вадой віно па кіліках, з якіх пілі госці. У кратары маглі змяшчаць дадатковы сасуд — псіктар, які напаўняўся ільдом і служыў для ахалоджвання віна.
У больш раннія эпохі (каля VIII ст. да н.э.) кратары выкарыстоўваліся ў якасці надмагілляў. Адметнай рысай формы падобных кратараў (г. зв. «дыпілёнскія кратары», якія атрымалі сваю назву па назве старажытных могілак побач з Дыпілёнскай брамай у Афінах) была высокая ножка, якой, як правіла, не было ў позніх тыпаў.