Мікрабіялогія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Мікрабіялогія — навука пра мікраарганізмы: бактэрыі, архебактэрыі, мікраскапічныя грыбы і водарасці, часта гэты спіс дапаўняецца найпростымі і вірусамі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругазвароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтвваральных, геахімічных і іншых працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхналагічных працэсах сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, утылізацыі адходаў і інш.). Распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекцыйных хвароб, санітарнай ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.).
Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію.
Мікрабіялогія цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй, біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіялагічнай, харчовай прамысловасці і інш.