Паўднёваамерыканская дрэдноўтная гонка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўднё́ваамерыка́нская дрэдно́ўтная го́нка — гонка ўзбраенняў паміж Аргенцінай, Бразіліяй і Чылі, якая пачалася ў 1907 годзе. Падставай да абвастрэння ваенна-марскога суперніцтва стаў заказ Бразіліяй у Вялікабрытаніі трох дрэдноўтаў, якія на той момант уяўлялі сабой найноўшы клас буйных надводных караблёў і валодалі найбольшай агнявой моцай. Аргенціна-чылійская гонка ўзбраенняў (1887—1902 гады), якая супала з падзеннем бразільскай манархіі і агульнай нестабільнасцю ў краіне, паставіла бразільскі флот у становішча, у якім ён саступаў супернікам і якасна, і па танажу. У 1904 бразільскія палітыкі ўпершыню паставілі пытанне аб узмацненні нацыянальнага флоту, пераследуючы агульную мэту вывесці Бразілію ў лік сусветных дзяржаў. У канцы 1905 года былі заказаны тры браняносцы, аднак заказ быў адменены ў 1906 годзе, неўзабаве пасля таго, як Вялікабрытанія пабудавала «Дрэдноўт», які стаў рэвалюцыйным. Замест браняносцаў на англійскіх стапелях былі закладзены корпусы двух бразільскіх дрэдноўтаў тыпу «Мінас Жэрайс» з разлікам на пабудову ў будучыні яшчэ аднаго.
Аргенціна і Чылі датэрмінова спынілі дзеянне пагаднення аб абмежаванні марскіх ўзбраенняў, заключанага ў 1902 годзе, і заказалі па два караблі ўласных тыпаў: тып «Рывадавія» (руск.) (бел. для Аргенціны будавалі ў ЗША, чылійскі тып «Альмірантэ Латорэ» (англ.) (бел. — у Брытаніі. Тым часам будаўніцтва трэцяга бразільскага дрэдноўта — «Рыа-дэ-Жанейра» — было адменена на карысць яшчэ больш магутнага карабля. Праект апошняга некалькі разоў пераглядаўся ў ходзе пабудовы, але ўжо пасля канчатковага зацвярджэння праекта ў бразільскім урадзе зразумелі, што новы карабель будзе саступаць супердрэдноўтам, якія з'явіліся к таму часу. Недабудаваны «Рыа-дэ-Жанейра» быў выстаўлены на таргі і неўзабаве прададзены Асманскай імперыі. Замест яго планавалі пабудаваць на верфі Армстранга супердрэдноўт «Рыачуэла», аднак Першая сусветная вайна, якая пачалася неўзабаве, перашкодзіла ажыццявіць гэты план: брытанскія суднабудаўнікі спынілі работы па замежных заказах і засяродзілі намаганні на патрэбах Каралеўскага флоту. Абодва чылійскія дрэдноўты былі выкуплены Вялікабрытаніяй і ўвайшлі ў склад яе ваеннага флоту. Два аргенцінскія караблі, якія будаваліся ў нейтральных Злучаных Штатах, былі перададзены заказчыку ў 1915 годзе.
Першая сусветная вайна палажыла канец паўднёваамерыканскай дрэдноўтнай гонцы. Шматлікія пасляваенныя планы па мадэрнізацыі флатоў трох краін часам уключалі куплю дрэдноўтаў, аднак ні адзін з такіх планаў не ажыццявіўся. Адзіным выключэннем стала купля Чылі аднаго з тых двух лінкараў, якія будаваліся да вайны ў Вялікабрытаніі па чылійскаму заказу, а падчас вайны служылі ў брытанскім Каралеўскім флоце. Такім чынам, «Альмірантэ Латорэ» стаў адзіным дрэдноўтам, які папоўніў флаты паўднёваамерыканскіх краін пасля Першай сусветнай вайны.