Рэканкіста
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэканкіста (ісп. і парт. ісп.: Reconquista, адваёўванне) — працэс заваявання маўрытанскіх каралеўстваў на Пірэнейскім паўвостраве хрысціянамі, а таксама, у шырокім разуменні, наступныя ганенні і прымусовае хрышчэнне мусульман і іудзеяў. Хрышчоных маўраў звалі «Марыскі», а хрышчоных іудзеяў — «Мараны». Функцыя прымусу да хрышчэння і сачэння за тым, каб новазвернутыя хрысціяне не вызнавалі свае ранейшыя культы, была ўскладзена на інквізіцыю. Хрышчоныя марыскі і мараны (калі яны пазней не былі спаленыя па абвінавачваннях у звароце да ранейшай веры) у Іспаніі растварыліся бясследна. У Партугаліі жа нашчадкі хрышчоных яўрэяў, з'яўляючыся каталікамі, тым не менш захоўваюць сваю самасвядомасць. У цяперашні час гэта, галоўным чынам, людзі з заможных слаёў насельніцтва, якія пражываюць у раёне горада Порту. Іх можна адрозніць ад астатняга насельніцтва Партугаліі па характэрных прозвішчах.
Рэканкіста пачалася ў раёне Кавадонгі сённяшняй Астурыі, якая адзіная не была заваявана маўрамі. Яе ініцыяваў князь Пелаё у 722. Рэканкіста ішла з пераменным поспехам, што звязана з тым, што феадальныя звады прымушалі хрысціянскіх уладароў дужацца адзін з адным і са сваімі васаламі. Здараліся і відавочныя няўдачы, напрыклад бітва пры Аларкосе. Скончылася рэканкіста ў 1492, калі Фердынанд II Арагонскі і Ізабела I Кастыльская выгналі апошняга маўрытанскага ўладара з Іберыйскага паўвострава. Яны аб'ядналі большую частку Іспаніі пад сваёй уладай (Навара была ўключана ў склад Іспаніі ў 1512).
Барацьба супраць маўраў, зрэшты, не ўтрымлівала хрысціянскія каралеўствы ад дужання адно з адным або заключэнняў часовых саюзаў з ісламскімі ўладарамі. Маўрытанскія каралі часта мелі хрысціянскіх жонак або маці. Пазней у Кастыліі было досыць ваеннай моцы заваяваць апошняе каралеўства Гранаду, але яна доўга аддавала перавагу замест гэтага атрымліваць даніну. Гандаль праз Гранаду складаў галоўны шлях афрыканскага золата ў сярэдневяковую Еўропу.
У час Крыжовых паходаў барацьба супраць маўраў успрымалася як бітва за ўвесь хрысціянскі мір. Рыцарскія ордэны, такія як тампліеры, былі створаныя для барацьбы з маўрамі, а Папы Рымскія заклікалі еўрапейскіх рыцараў да барацьбы на Іберыйскім паўвостраве. Існуе шырокая арабская літаратура, якая апісвае выгнанне арабскага насельніцтва паўвострава, якое яны лічылі (і лічаць) сваёй радзімай. У цяперашні час у асяроддзі мусульманскіх экстрэмістаў, асабліва арабскіх (Усама бэн Ладэн), распаўсюджана перакананне, што з хрысціянскімі заваяваннямі мусульманскіх зямель (у тым ліку і з акупацыяй Пірынейскага паўвострава) трэба змагацца аж да поўнага вызвалення гэтых тэрыторый і вяртання іх у мусульманскі мір.