СГС
From Wikipedia, the free encyclopedia
СГС (сантыметр-грам-секунда) — сістэма адзінак вымярэння, якая мела шырокае распаўсюджанне да прыняцця міжнароднай сістэмы адзінак (СІ) і выкарыстоўваецца дагэтуль у фізіцы і астраноміі.
У рамках СГС існуюць тры незалежныя размернасці (даўжыня, маса і час), усе астатнія зводзяцца да іх шляхам перамнажэння, дзялення і ўзвядзення ў ступень (магчыма, у дробную).
Акрамя трох асноўных адзінак вымярэння — сантыметра, грама і секунды, у СГС існуе шэраг дадатковых адзінак вымярэння, якія з’яўляюцца вытворнымі ад асноўных. Некаторыя фізічныя канстанты атрымліваюцца безразмернымі. Існуе некалькі варыянтаў сістэм СГС, якія адрозніваюцца паміж сабою выбарам электрычных і магнітных адзінак вымярэння і велічынёй канстант у розных законах электрамагнетызму (СГСЭ, СГСМ, Гаусава сістэма адзінак).
СГС адрозніваецца ад СІ не толькі выбарам пэўных адзінак вымярэння. З-за таго, што ў СІ былі дадаткова ўведзены асноўныя адзінкі для электрамагнітных фізічных велічынь, якіх не было ў СГС, некаторыя адзінкі маюць іншыя размернасці. З-за гэтага некаторыя фізічныя законы ў гэтых сістэмах запісваюцца па-рознаму (напрыклад, закон Кулона). Адрозненне заключаецца ў каэфіцыентах, большасць якіх мае размернасць. Таму, калі ў формулы, запісаныя ў СГС, проста падставіць адзінкі вымярэння СІ, то будуць атрыманы памылковыя вынікі. Гэта ж тычыцца і розных тыпаў СГС — у СГСЭ, СГСМ і Гаусавай сістэме адзінак адны і тыя ж формулы могуць запісвацца па-рознаму.
У формулах СГС адсутнічаюць нефізічныя каэфіцыенты, неабходныя ў СІ (напрыклад, электрычная пастаянная ў законе Кулона), таму сістэму СГС лічаць больш зручнай для тэарэтычных даследаванняў.