Старажытная Германія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Германія (лац.: Germania) — тэрмін, якім Гай Юлій Цэзар (у «Запісках пра Гальскую вайну») і Карнелій Тацыт (у трактаце «Пра паходжанне германцаў») пазначалі вобласць пражывання старажытных германцаў (арыентыровачна паміж Маасам і Нёманам). Гэты лацінскі тапонім стаў пазней назвай найбуйнейшай краіны Цэнтральнай Еўропы.
Першыя спробы раманізацыі распачаў Юлій Цэзар, які прасунуўся ў даліну ракі Мёзы, а пазней, фарсіраваўшы Рэйн, — да Рура. Да 16 да н.э. Германія была часткай правінцыі Калматая Галія (Gallia Comata). У 12 да н.э. была распачата маштабная германская кампанія Нерона Клаўдзія Друза, які атрымаў тытул Германіка. Межы імперыі былі пашыраны да Альбіса (Эльбы) і да 9 да н.э. большасць плямёнаў былі заваяваны. Яго справу працягнуў Тыберый. Аўгуст, натхнёны гэтай дзейнасцю, жадаў стварыць Вялікую Германію (Germania Magna) паміж Альбісам і Рэнам (Рэйнам), аднак шэраг плямёнаў працягвалі змагацца супраць прысваення іх тэрыторыі статусу правінцыі.
У 16-13 да н.э. у Бельгійскай Галіі (Gallia Belgica) былі створаны ваенныя зоны Ніжняя (Inferior) і Верхняя (Superior) Германія. Да 83/84 г., калі Даміцыян пераўтварыў зоны ў самастойныя правінцыі, фармальна камандзіры армій на Ніжнім і Сярэднім Рэйне падпарадкоўваліся пракуратару Бельгійскай Галіі. Натуральнай мяжой паміж дзвюма абласцямі стаў Рэйн, пераўтвораны ў добра ўмацаваную мяжу (лімес). Рэйнская мяжа была адной з самых нестабільных у імперыі, таму Рым трымаў там моцныя гарнізоны. Аднак прыблізна з 103 г. і да канца IV ст. яе сталі абараняць усяго 2 легіёны — I Minervia у Боне і VI Victrix у Кастры Ветэры, якія пазней сталі вядомыя як «exercitus Germanicus Inferior» (EXEGERINF) — «ніжнегерманскае войска». Каля 400 г. Стыліхон перавёў амаль увесь гарнізон у Італію і ў Германіі засталіся толькі невялікія падраздзяленні.