Газпрам
расейская энэргетычная кампанія / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Газпрам» (рас. Газпром) — газаздабыўная дзяржаўная транснацыянальная карпарацыя Расеі, заснаваная ў жніўні 1989 году ў Маскве замест Міністэрства газавай прамысловасьці СССР. Паводле 3-га артыкула Фэдэральнага закона Расейскай Фэдэрацыі ад 18 ліпеня 2006 г. «Аб экспарце газа», валодае выключным правам на экспарт з Расеі прыроднага газа па трубаправодах, бо: «1. Выключнае права на экспарт прыроднага газа ў газападобным стане надаецца арганізацыі-ўласьніцы адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня» Расеі[6]. На 31 сьнежня 2015 г. «Газпрам» наймаў 462,4 тыс. супрацоўнікаў, зь іх 26,8 тыс. (5,8%) за межамі Расеі; у тым ліку 6,5 тыс. (24,3% замежнага найму) у «Газпрам трансгаз Беларусь» (да 18 красавіка 2013 г. «Белтрансгаз») у Беларусі. З агульнага ліку супрацоўнікаў 55% складалі работнікі, 31% адмыслоўцы і службоўцы, 14% кіраўнікі. Паводле найму: 51% супрацоўнікаў працаваў на даччыныя прадпрыемствы «Газпрама» ў галіне здабычы, транспартаваньня, перапрацоўкі і паземнага захоўваньня газа; 14% — на ПАТ «Газпрам нафта»(ru) (Санкт-Пецярбург, Адміралцейскі раён, вул. Паштамцкая, д. 3); 10% — на ТАА «Газпрам энэргахолдынг»(ru) (Санкт-Пецярбург, Петраградзкі раён, прасп. Дабралюбава, д. 16, корп. 2а); 5% — уласна на ПАТ «Газпрам»; 3% — на ТАА «Газпрам нафтахім Салават»(ru) (Салават, Башкартастан); 17% — на іншыя дачынныя прадпрыемствы[5].
рас. «Газпром» | |
Тып | публічнае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | МСХ: GAZP |
Дэвіз | Нацыянальны набытак |
Заснаваная | 8 жніўня 1989 (34 гады таму) |
Заснавальнікі | Савет міністраў СССР |
Уласьнікі | Federal Agency for State Property Management[d][1] і Rosneftegaz[d][2] |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Расея, Масква, Паўднёва-заходняя адм.акруга, раён Чаромушкі, вул. Намёткіна, д. 16 |
Ключавыя фігуры | Аляксей Мілер, Віктар Зубкоў |
Галіна | Здабыўная прамысловасьць |
Прадукцыя | Прыродны газ |
Абарачэньне | 6073,318 млрд расейскіх рублёў (2015 г.; $99,631 млрд) |
Апэрацыйны прыбытак | 925,241 млрд рас.руб. ($15,178 млрд) |
Чысты прыбытак | 805,199 млрд рас.руб.[3] ($13,209 млрд)[4] |
Лік супрацоўнікаў | 462,4 тыс. (2016 г.)[5] |
Матчына кампанія | Фэдэральнае агенцтва кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю Расеі(ru) (Масква, Цэнтральная адм.акруга, Цьвярскі раён) |
Даччыныя кампаніі | ПАТ «Газпрам нафта»(ru) (Санкт-Пецярбург, Адміралцейскі раён), ТАА «Газпрам энэргахолдынг»(ru) (Санкт-Пецярбург, Петраградзкі раён), ТАА «Газпрам нафтахім Салават» (Салават, Башкартастан) |
Аўдытар | ТАА «Фінансавыя і бухгальтарскія кансультанты»(ru) (Масква, Цэнтральная адм.акруга, Басманны раён) |
У 2015 г. на «Газпрам» прыпала 66% газаздабычы ў Расеі і 11% у сьвеце. На 2016 г. прадпрыемству належалі 72% запасаў газа ў Расеі і 17% у сьвеце, што рабіла яго найбольшым уласьнікам запасаў прыроднага газу ў сьвеце. Найбольшая газаздабыча ажыцьцяўлялася: у асноўным на паўвостраве Ямал (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга), адкуль газ паступаў у тым ліку ў Беларусь; на арктычным шэльфе (пераважна Карскае і Баранцава мора); ва Ўсходняй Сыбіры (Іркуцкая вобласьць); на Далёкім Усходзе (востраў Сахалін). «Газпрам» валодаў 171,2 тыс. км газаправодаў, што рабіла яго найбольшым уласьнікам газаправодаў у сьвеце; у тым ліку міжнароднага газаправода «Ямал — Эўропа», які праклалі празь Беларусь. У 2015 г. на прадпрыемства прыпала больш за палову продажу газу ўнутры Расеі. За мяжу газ пастаўляўся ў 30 краінаў, у тым ліку ўвесь спажываны ў Беларусі прыродны газ. На 2016 г. «Газпрам» меў адзіны ў Расеі завод звадкаванага прыроднага газа, які знаходзіўся ў Карсакаўскім раёне на Сахаліне. У 2015 г. даччынае ПАТ «Газпрам нафта» займала 4-е месца ў Расеі паводле вырабу нафты. На даччынае ТАА «Газпрам энэргахолдынг» прыпала 17% агульнай усталяванай магутнасьці расейскай энэргасыстэмы і найбольшы ў сьвеце выраб цеплавой энэргіі.