Дзяржава
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дзяржа́ва, гаспадáрства, пáнства — арганізацыя палітычнай улады грамадзтва, што займае пэўную тэрыторыю, мае ўласную сыстэму кіраваньня, а таксама валодае ўнутраным і вонкавым сувэрэнітэтам. На цяперашні момант уся сухапутная частка плянэты Зямля, за выняткам Антарктыды, падзеленая паміж прыкладна 200 дзяржавамі. Дзяржава ёсьць палітычнай арганізацыяй з цэнтралізаваным урадам, які падтрымлівае манаполію на законнае прымяненьне сілы ў межах пэўнай тэрыторыі. Некаторыя дзяржавы маюць фэдэратыўны прынцып будовы ці ўдзельнічаюць у фэдэральным зьвязе. Таксама некаторыя краіны могуць быць суб’ектам вонкавага сувэрэнітэту або гегемоніі, калі канчатковы сувэрэнітэт мае іншая дзяржава.
Часьцяком зьвяртаюцца да панятку «сувэрэнная дзяржава» — тып дзяржавы, які характарызуецца сувэрэнітэтам, увасабляе ў сабе сувэрэнітэт нацыянальнасьцяў і народа. Сувэрэнная дзяржава ёсьць адмысловай палітыка-тэрытарыяльнай арганізацыяй, якая валодае сувэрэнітэтам спэцыяльнага апарата кіраваньня й прымусу й здольная падаваць сваім паводзінам агульнаабавязковы характар.
Тэрмін звычайна выкарыстоўваецца ў прававым, палітычным, а таксама сацыяльным кантэкстах. Адзінага й агульнапрызнанага вызначэньня панятку «дзяржава» не існуе ані ў навуцы, ані ў міжнародным праве.